Белорусский портал в Казахстане

«Спадарожнік V» зарэгістраваны, вакцынаваць пачнуць у студзені



На першым этапе ад COVІD-19 прышчэпкі атрымаюць медыкі, настаўнікі і работнікі гандлю.

У Беларусі выдадзена рэгістрацыйнае пасведчанне на расійскую вакцыну «Спадарожнік V», а вакцынацыя беларусаў пачнецца ўжо ў студзені будучага года. Пра гэта расказаў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч.

Міністэрства аховы здароўя Беларусі выдала рэгістрацыйнае пасведчанне на вакцыну «Спадарожнік V». Вакцына распрацавана і выраблена Нацыянальным даследчым цэнтрам эпідэміялогіі і мікрабіялогіі імя М.Ф.Гамалеі Расіі.

Як адзначыў Дзмітрый Піневіч, па дамоўленасці двух прэзідэнтаў Беларусь стала першай краінай, якая прыняла ўдзел у клінічных выпрабаваннях вакцыны «Спадарожнік V».

— Мы можам афіцыйна заявіць, што па наяўных на сёння даных, вакцына бяспечная і эфектыўная, сур`ёзных або непрадбачаных пабочных эфектаў выяўлена не было, — сказаў ён.

Па выніках працэдуры дзяржаўнай рэгістрацыі Міністэрства аховы здароўя выдала рэгістрацыйнае пасведчанне, пасля чаго вакцына «Спадарожнік V» можа быць дапушчана да рэалізацыі і медыцынскага ўжывання на тэрыторыі Беларусі.

Рэгістрацыйнае дасье вакцыны «Спадарожнік V» («Гам-Кавід-Вак») было пададзена ў Цэнтр экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя на працэдуру ўмоўнай дзяржаўнай рэгістрацыі ў лістападзе 2020 года. Для ўсебаковай ацэнкі матэрыялаў рэгістрацыйнага дасье была створана экспертная група, у якую разам з экспертамі Цэнтра экспертыз уключаны вядучыя інфекцыяністы краіны і супрацоўнікі рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў. Былі прааналізаваны матэрыялы, якія датычацца даклінічнага вывучэння вакцыны. Устаноўлена, што вакцына «Спадарожнік V» прайшла ў поўным аб`ёме ўсе этапы даклінічных выпрабаванняў па эфектыўнасці і бяспецы.

— Вакцына зарэгістраваная ў краіне, дадзены дазвол на клінічнае прымяненне, — адзначыў Дзмітрый Піневіч. — Вакцына можа прымяняцца на тэрыторыі нашай краіны ўжо ў рамках не клінічных выпрабаванняў, а звычайнай работы. Цяпер на парадку дня пытанні далейшай пастаўкі.

Як адзначылі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя, у клінічнае выпрабаванне вакцыны на тэрыторыі Беларусі былі ўключаны 100 удзельнікаў. Іх выпадковым чынам падзялілі на групы: першая атрымала вакцыну, а другая — плацэба. Вакцынацыя ўключала ўвядзенне двух кампанентаў вакцыны з інтэрвалам у 21 дзень. У добраахвотнікаў ацэньваецца фарміраванне гумаральнага (выпрацоўка антыцел) і клеткавага імуннага адказу на вакцынацыю.

У Беларусі па стане на 9 снежня ўсе 100 удзельнікаў даследавання трэцяй фазы атрымалі першы кампанент вакцыны, а другі кампанент — толькі 98, бо ў двух пацыентаў перад увядзеннем другой дозы падчас абавязковага тэставання была выяўлена каранавірусная інфекцыя.

— Другую прышчэпку атрымалі 98 чалавек, двое паміж першым і другім увядзеннем кантактавалі з заражаным чалавекам і перахварэлі, таму другая фаза прышчэпкі ім не была праведзена», — растлумачыў Дзмітрый Піневіч.

Назіранне за ўдзельнікамі даследавання будзе весціся на працягу 180 дзён (6 месяцаў), пасля чаго будзе падрыхтавана фінальная справаздача.

Разам з тым, як адзначылі ў прэс-службе, у вакцынаваных людзей выпрацоўваецца ўстойлівы і гумаральны, і клеткавы імунны адказ. Прынята рашэнне, што вакцынацыя беларусаў ад каранавіруса расійскай вакцынай «Спадарожнік V» пачнецца ў студзені.

На першым этапе вакцынаваць будуць медыкаў, настаўнікаў, работнікаў гандлю і іншых сфер, якія вымушаны кантактаваць з вялікай колькасцю людзей. Вакцыну яны атрымаюць бясплатна. Па словах міністра, на першым этапе плануецца вакцынаваць 200 тысяч чалавек з далейшым ахопам у два мільёны.

Аўтар: Алена Кравец
Звязда, 22 снежня 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/85/57701
Текущая дата: 26.11.2024