У Беларусі з новага года змяняюцца форма і парадак выдачы пасведчання шматдзетнай сям’і. Падрабязней расказалі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.
Новай пастановай Савета Міністраў унесены змяненні ў пастановы ад 28 ліпеня 2011 года нумар 1009 і ад 5 студзеня 2018 года нумар 6. Першая з гэтых пастаноў — «Аб зацвярджэнні ўзору пасведчання шматдзетнай сям’і і Палажэння аб парадку выдачы пасведчання шматдзетнай сям’і». Уносімыя змяненні датычацца формы і парадку выдачы такога пасведчання.
У новай форме павялічана колькасць старонак для запаўнення звестак аб дзецях і аб прадаўжэнні перыяду дзеяння пасведчання. Таксама адмяняецца запаўненне звестак аб месцы жыхарства шматдзетнай сям’і.
«Сярод асноўных навацый у парадку выдачы пасведчання тое, што шматдзетная сям’я цяпер мае права атрымліваць пасведчанне па месцы фактычнага пражывання, незалежна ад месца рэгістрацыі на тэрыторыі Беларусі. Удакладнены парадак вызначэння складу сям’і: улічваюцца маці (мачаха), бацька (айчым), усынавіцель (удачарыцель), дзеці, якія знаходзяцца на ўтрыманні і выхаванні ў сям’і ва ўзросце да 18 гадоў (уключаючы ўсыноўленых і ўдачароных, пасынкаў і падчарыц). Усе ўключаныя пры выдачы пасведчання ў склад адной сям’і змогуць быць улічаны ў складзе другой толькі пасля выключэння са складу сям’і ў раней выдадзеным пасведчанні», — адзначылі ў Мінпрацы.
Для выдачы пасведчання сям’і трэба абавязкова пастаянна пражываць у Беларусі. Цяпер гэта ўмова канкрэтызуецца: яна прымяняецца да дзяцей, якія ўлічваюцца ў складзе сям’і, і да аднаго з бацькоў (калі сям’я поўная).
Устаноўлены пералік дакументаў, звестак, на падставе якіх выдаецца пасведчанне. І ўдакладнена, што ў выпадку выдачы новага пасведчання ўзамен раней атрыманага апошняе прыкладаецца адным з бацькоў да заявы аб выдачы пасведчання.
Мясцовым выканаўчым і распарадчым органам павялічаны тэрмін для запыту дакументаў, неабходных для выдачы пасведчання, і для правядзення абследавання сям’і — з трох рабочых дзён да пяці. На агульны тэрмін ажыццяўлення адміністрацыйнай працэдуры гэта не ўплывае.
Абскардзіць прынятае рашэнне аб выдачы (аб адмове ў выдачы) пасведчання можна ў вышэйстаячым мясцовым выканаўчым i распарадчым органе, а затым у судзе.
Змяненні ў выдадзенае пасведчанне могуць быць унесены пры прадаўжэнні (скарачэнні) тэрмiну яго дзеяння, змяненнях у складзе сям’і, змяненнi прозвiшча, уласнага iмя, iмя па бацьку, даты нараджэння членаў сям’і і інш. Для гэтага сем’і павінны звяртацца ў адпаведнасці з іх рэгістрацыяй па месцы жыхарства, месцы знаходжання або месцы іх фактычнага пражывання. Пры гэтым можна выбіраць: унесці змяненні або атрымаць новае пасведчанне.
Таксама канкрэтызаваны абставіны, пры якіх сям’я страчвае статус шматдзетнай. Гэта дасягненне старэйшым дзіцем з траіх малодшых дзяцей 18-гадовага ўзросту; вызначэнне месца пражывання дзіцяці з адным з бацькоў, які не ўваходзіць у склад сям’і; пазбаўленне бацькоў (аднаго з бацькоў у няпоўнай сям’і) бацькоўскіх правоў; адмена ўсынаўлення (удачарэння); адабранне дзіцяці з сям’і па рашэнні суда без пазбаўлення бацькоў бацькоўскіх правоў; смерць дзіцяці, прызнанне яго без вестак адсутным, аб’яўленне памерлым.
Замацавана норма, што пасведчанне пры страце статусу шматдзетнай сям’і з’яўляецца несапраўдным і не можа выкарыстоўвацца для пацвярджэння права на сацыяльныя гарантыі і льготы, устаноўленыя для шматдзетных сем’яў. Таксама ўдакладнена, што несапраўдным лічыцца пасведчанне з памаркамі і падчысткамі або аформленае неналежным чынам.
Выключаны нормы аб выдачы дубліката пасведчання.
Палажэнне дапоўнена новай нормай: звесткі адносна рашэння аб выдачы (аб адмове ў выдачы) пасведчання, выдачы дубліката, аб змяненнях у складзе сям’і, вяртанні пасведчання ўносяцца ў базу даных аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы ўліку шматдзетных сем’яў не пазней за тры рабочыя дні з дня прыняцця рашэння, паступлення інфармацыі аб змяненнях, вяртанні пасведчання.
Акрамя таго, зацверджаны новыя формы: заявы аб выдачы пасведчання, акта абследавання сям’і, якая выхоўвае дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў.
Змяненні, унесеныя ў Палажэнне аб парадку выдачы пасведчання шматдзетнай сям’і і ва ўзор пасведчання шматдзетнай сям’і, уступаюць у сілу з 1 студзеня 2021 года. Выдадзеныя да гэтага тэрміну пасведчанні сапраўдныя і не патрабуюць абмену.
Звязда, 18 снежня 2020
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/86/57672
Текущая дата: 06.11.2024