Белорусский портал в Казахстане

Намеснік дзяржсакратара Савета бяспекі прадставіў калектыву ДМК новага старшыню



Намеснік Дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Уладзімір Арчакоў 22 снежня ў час рабочай нарады прадставіў калектыву Дзяржаўнага мытнага камітэта новага старшыню ДМК Уладзіміра Арлоўскага.

Уладзімір Арчакоў у час нарады расказаў аб перспектывах сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, абазначыў асноўныя арыенціры развіцця мытнай службы на бліжэйшы час, удзяліўшы асаблівую ўвагу ўтрыманню стабільных пазіцый у час сусветнай эканамічнай нестабільнасці. Ён таксама падзякаваў калектыву мытных органаў за выкананне на высокім узроўні ўскладзеных задач, акцэнтаваўшы ўвагу на якасным удасканаленні мытнай інфраструктуры, барацьбе з наркатрафікам, выкананні мытнікамі асобных функцый пагранічнага кантролю.

Уладзімір Арлоўскі далажыў аб выніках работы ў адпаведнасці з асноўнымі напрамкамі развіцця мытнай службы Беларусі на 2015-2020 гады.

«Ацэнка выканання гэтага стратэгічнага дакумента паказала комплексную рэалізацыю мерапрыемстваў, прадугледжаных на пяцігадовы перыяд, і дасягненне заяўленага на 2020 год узроўню развіцця мытнага адміністравання. Па 33 устаноўленых стратэгіяй развіцця мэтавых індыкатарах з 42 фактычнае значэнне перасягнула планавае», — адзначыў ён.

За апошнюю пяцігодку беларуская мытня рэалізавала каля 30 перспектыўных эксперыментаў, вопыт якіх актыўна выкарыстоўваецца ва ўсіх краінах ЕАЭС. Актыўна вяліся работы па ўкараненні новых тэхналогій выплаты мытных плацяжоў, у тым ліку сістэмы імгненных плацяжоў, аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы выканання грашовых абавязацельстваў.

«У бягучым годзе, нягледзячы на негатыўныя тэндэнцыі ў сусветнай эканамічнай абстаноўцы, задачы, пастаўленыя кіраўніком дзяржавы перад мытнай службай, выкананы», — рэзюмаваў Уладзімір Арлоўскі.

Звязда, 22 снежня 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/86/57686
Текущая дата: 26.11.2024