Белорусский портал в Казахстане

Амаль усё насельніцтва Беларусі да канца 2022 года атрымае доступ да сеткі 4G



Аб гэтым паведамілі ў Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі.

"У Беларусі па выніках трэцяга квартала ахоп насельніцтва паслугамі сотавай сувязі 4G склаў 89,4 працэнта. У бягучым годзе, дзякуючы канверсіі радыёчастотнага спектра, забяспечана гэтымі паслугамі ўсё насельніцтва Гомельскай вобласці. У бліжэйшы час сетка 4G будзе значна пашырана на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, а да канца 2022 года будзе даступна практычна ўсяму насельніцтву краіны", - расказалі ў Мінсувязі.

Што датычыцца сітуацыі ў свеце, Міжнародны саюз электрасувязі апублікаваў справаздачу "Вымярэнне лічбавага развіцця: факты і лічбы, 2020 год". Апошнія даныя паказваюць, што колькасць дамашніх гаспадарак, якія маюць доступ у інтэрнэт, складае 57 працэнтаў. Разам з гэтым у свеце назіраецца значны разрыў паміж гарадской і сельскай мясцовасцю. Паводле даных справаздачы, упершыню ў гісторыі колькасць абанентаў сотавай рухомай электрасувязі скарачаецца, а глабальны рост колькасці абанентаў рухомай шырокапалоснай сувязі стабілізуецца.

У свеце таксама назіраецца запаволенне разгортвання інфраструктуры рухомай шырокапалоснай сувязі. За перыяд з 2015 па 2020 год ахоп сеткамі 4G ва ўсім свеце падвоіўся. Да канца гэтага года, паводле ацэнкі МСЭ, сеткамі 4G будуць ахоплены амаль 85 працэнтаў насельніцтва Зямлі. З другога боку, з 2017 года гадавыя тэмпы росту паступова запавольваюцца, і ў бягучым годзе ахоп сеткамі 4G аказаўся ўсяго толькі на 1,3 працэнтнага пункта вышэй, чым у 2019-м.

2 снежня 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/87/57325
Текущая дата: 06.10.2024