Такая заява размешчана ў Telegram-канале Міністэрства энергетыкі.
"У адказ на ўчарашнюю заяву міністра замежных спраў Літвы хацелі б адзначыць: перш чым рабіць гучныя заявы аб "безадказным стаўленні Беларусі да ядзернай бяспекі", неабходна мець сур`ёзныя аргументы. Але мы іх не чуем, таму што іх проста няма. Такая спроба нанесці ўдар па рэпутацыі нашай краіны наўрад ці ўспрымаецца сур`ёзна міжнароднай супольнасцю. Бо, як вядома, каб нешта даказаць, патрэбны факты", - гаворыцца ў паведамленні.
У Мінэнерга падкрэслілі: Беларусь супрацоўнічала і мае намер і далей супрацоўнічаць з Еўрапейскай групай рэгулюючых органаў у галіне ядзернай бяспекі (ENSREG).
"Паміж прадстаўнікамі гэтай аўтарытэтнай арганізацыі і беларускімі спецыялістамі выбудаваліся канструктыўныя рабочыя адносіны. Паэтапна вядзецца дыялог у рамках партнёрскай ацэнкі нацыянальнага плана дзеянняў нашай краіны па выніках стрэс-тэстаў БелАЭС, якія Беларусь правяла па працэдуры Еўрапейскага саюза на добраахвотнай аснове. На атамнай станцыі сур`ёзна рыхтаваліся да візіту еўрапейскіх спецыялістаў. Эксперты прынялі рашэнне не ехаць - гэта іх права. Як бы там ні было, на пляцоўцы БелАЭС іх гатовы прыняць у любы іншы час", - заявілі ў міністэрстве.
"На гэтым фоне імкненне літоўскіх чыноўнікаў зрабіць беларускі бок "крайнім" і прадэманстраваць Еўропе "безадказнае стаўленне Беларусі да ядзернай бяспекі" выглядае проста шуміхай вакол рабочай сітуацыі. Наша краіна, якая перажыла трагедыю Чарнобыля, добра разумее той высокі ўзровень адказнасці, які ляжыць у аснове вялікага праекта БелАЭС. Бяспека заўсёды была і застаецца безумоўным прыярытэтам на ўсіх этапах будаўніцтва станцыі", - рэзюмавалі ў Мінэнерга.
17 снежня 2020, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/87/57616
Текущая дата: 26.11.2024