Белорусский портал в Казахстане

Правілы аказання паслуг паштовай сувязі ў Беларусі зменяцца



У Беларусі зменяцца правілы аказання паслуг паштовай сувязі агульнага карыстання. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў нумар 626 ад 3 лістапада 2020 года, паведамілі ў Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі.

Паслугі можна будзе аплачваць як пры адпраўцы паштовых адпраўленняў, так і пры іх атрыманні па тарыфах, дзеючых на дату аказання паслугі. Акрамя таго, пастанова прадугледжвае магчымасць выдачы пасылак і на падставе ідэнтыфікацыйных даных, атрымліваемых з дапамогай інфармацыйных паштовых тэхналогій.

Упарадкаваны прыём і выдача паштовых адпраўленняў у залежнасці ад вагі. Пасылкі меншыя за 10 кг прымаюцца і выдаюцца ва ўсіх аб`ектах аператара паштовай сувязі, большыя за 10 кг - у аб`ектах, вызначаных аператарам.

Адрасаты з 3 студзеня 2021 года змогуць атрымаць інфармацыю аб паступленні пасылак праз электронную пошту або СМС. Для гэтага адпраўшчыку неабходна пазначыць у паштовым адрасе нумар мабільнага тэлефона, электронны паштовы адрас нацыянальнай паштовай электроннай сістэмы або адрас электроннай пошты адрасата. Пры гэтым паведамленні на папяровым носьбіце не будуць дастаўляць на абаненцкі паштовы і індывідуальны паштовы адрасы.

Пастанова ўступіць у сілу з 20 лістапада 2020 года, а некаторыя яе палажэнні - з 3 студзеня 2021 года.

6 лістапада 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/92/56836
Текущая дата: 06.10.2024