Белорусский портал в Казахстане

Памёр архітэктар Міхаіл Вінаградаў — адзін з аўтараў Нацыянальнай бібліятэкі і мінскага чыгуначнага вакзала



Заслужаны архітэктар краіны, двойчы лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Кліменцьевіч Вінаградаў пайшоў з жыцця 29 кастрычніка, паведамілі ў Беларускім саюзе архітэктараў.

Міхаіл Кліменцьевіч скончыў будаўнічы факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута ў 1968 г., 50 гадоў прапрацаваў у праектных арганізацыях. За гады працы разам з калегамі спраектаваў больш за 200 будынкаў і збудаванняў. Сярод самых вядомых работ — гістарычны музей «Старажытнае Берасце» на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці, кінатэатр «Масква» ў Мінску, санаторый «Белая Русь» на возеры Нарач, комплекс чыгуначнага вакзалу ў Мінску і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, будынак «Белгазпрамбанка» на вул. Прытыцкага.

За праекты чыгуначнага вакзалу і Нацыянальнай бібліятэкі, распрацаваныя ў суаўтарстве з Віктарам Крамарэнкам, Міхаіл Вінаградаў двойчы ўдастоены Дзяржаўнай прэміі краіны. У 2009 г. пасля заканчэння будаўніцтва бібліятэкі дойлід быў узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі». У 2018 годзе яму прысвоена званне «Заслужаны архітэктар Рэспублікі Беларусь».

Работы М. Вінаградава неаднаразова былі адзначаны медалямі і дыпломамі за перамогі на ўсесаюзных, рэспубліканскіх і міжнародных архітэктурных конкурсах.

Міхаіл Кліменцьевіч доўгія гады займаўся грамадскай дзейнасцю. З 1995 па 2011 г. абіраўся ў раду Беларускага саюза архітэктараў.

Развітанне з Міхаілам Вінаградавым пройдзе 30 кастрычніка з 13:00 да 13:45 у Минску на вул. Альшэўскага, 12.

Звязда, 30 кастрычніка 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/94/56641
Текущая дата: 05.11.2024