Белорусский портал в Казахстане

Ахова здароўя і ў далейшым будзе забяспечана ўсім неабходным для аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву ў поўным аб`ёме



Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 5 лістапада на нарадзе аб прымаемых мерах па процідзеянні распаўсюджванню вірусных інфекцый.

"Ахова здароўя і ў далейшым будзе забяспечана ўсім неабходным для аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву ў поўным аб`ёме. Фінансаванне галіны, як гэта было заўсёды, павінна быць устойлівым, але прадуманым і арыентаваным на вынік", - заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў вясенне-летні перыяд на дзяржаўным узроўні былі своечасова прыняты меры, якія разам з актыўнымі дзеяннямі сістэмы аховы здароўя далі станоўчы вынік. "Аднак сезонны перыяд росту вострых рэспіраторных захворванняў і каранавіруснай інфекцыі ў гэтым годзе прагназуецца больш працяглым. Нельга ігнараваць і дадатковы негатыўны ўплыў масавых мерапрыемстваў, з-за якіх крывая захваральнасці паўзе ўверх", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Гэта не значыць, што мы, як гэта было вясной у некаторых дзяржавах, цяпер усё пазакрываем, увядзём каменданцкую гадзіну і перавядзём усіх на каранцін. Мы павінны ўспомніць тое, што было вясной і летам, і ісці гэтым шляхам. Але там, дзе мы можам абысціся без нейкіх масавых мерапрыемстваў, давайце абыдземся. Асабліва калі гэтыя мерапрыемствы ў памяшканні", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што беларуская сістэма аховы здароўя мае ўсе неабходныя рэсурсы. Гэта датычыцца бальніц, медыцынскага персаналу, лякарстваў, абсталявання, сродкаў індывідуальнай аховы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў: пры неабходнасці ў дапамогу сярэдняму медыцынскаму персаналу можна задзейнічаць студэнтаў медыцынскіх ВНУ, заплаціўшы ім за адпаведную работу.

Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў, што трэба максімальна выкарыстоўваць лічбавыя інфармацыйныя платформы для сувязі з медыцынскімі работнікамі ў рэгіёнах, каб атрымліваць усе звесткі аб праблемах, аператыўна прымаць меры, абменьвацца вопытам і найбольш эфектыўнымі практыкамі.

"Сёння прапануюцца таксама дадатковыя меры для стрымлівання эпідэміі, у тым ліку абмежавальныя. Мы заслухаем аргументы, і, калі надышоў час недзе ўводзіць нейкія абмежаванні, пойдзем і на гэта", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт пры гэтым звярнуў увагу: беларускі вопыт рэагавання ва ўмовах пандэміі, калі ў першую хвалю не ўводзіліся ўсеагульны строгі каранцін і каменданцкая гадзіна, "на вуснах усіх разважлівых людзей у свеце".

5 лістапада 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/94/56805
Текущая дата: 26.11.2024