Белорусский портал в Казахстане

Эпоха папяровых пашпартоў заканчваецца



Як Беларусь пераходзiць на электронныя адносiны i дзяржпаслугi, расказалi спецыялiсты.

У будучым беларусы могуць разлiчваць на атрыманне ўсiх дзяржаўных паслуг i даведак праз iнтэрнэт. А ўжо з новага года ў кожнага з`явiцца ўласны электронны лiчбавы подпiс i анлайн-кабiнет, незалежна ад жадання карыстальнiка. Апошнi папяровы беларускi пашпарт выдадуць 31 снежня 2020-га.
Лiчбавы чалавек

Цалкам змянiць сiтуацыю ў галiне электронных паслуг, мяркуюць спецыялiсты, дапаможа ўкараненне Беларускай iнтэграванай сэрвiсна-разлiковай сiстэмы (БIСРС) — комплексу iнфармацыйных сiстэм i рэсурсаў для iдэнтыфiкацыi спажыўцоў (фiзiчных i юрыдычных асоб) з прымяненнем iдэнтыфiкацыйных картак (ID-картак) з мэтай аказання iм электронных паслуг, у тым лiку адмiнiстрацыйных працэдур.

З 1 студзеня 2021 года нiводзiн беларус не зможа атрымаць стары ўзор пашпарта. Калi дакумент трэба будзе змянiць цi атрымаць новы, чалавеку дадуць ужо два дакументы: для адносiн унутры Беларусi — ID-картку, а для выезду і карыстання па-за межамi нашай краіны — біяметрычны пашпарт.

— Беларусь прыняла ў гэтым кiрунку сур`ёзнае рашэнне. Кожны, хто атрымлiвае ID-картку, аўтаматычна набывае электронны лiчбавы подпiс з 10-гадовым тэрмiнам прыдатнасцi. Гэта дазволiць нам атрымаць «лiчбавага чалавека», — упэўнены Сяргей РУДНЕЎ, першы намеснiк дырэктара Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг. — Сёння над гэтым праектам працуе больш за 50 дзяржорганаў і арганізацый. У краiне няма нiводнай сферы дзейнасцi, дзе б нi патрабавалася асоба грамадзянiна. Усе працэсы пачынаюцца з ID-нумара.

На ID-картцы будуць сабраныя даныя, якiя практычна нiколi не мяняюцца: дата нараджэння, iмя, iмя па бацьку, прозвiшча, пол. Астатнiя звесткi пра чалавека досыць зменлiвыя. Сёння ты замужам, заўтра — не, сёння ў адным месцы працуеш, заўтра ў iншым, сёння ў цябе адно дзiця, заўтра — два. I гэтую дынамiчную iнфармацыю прапiсваць на ID-картках не будуць.

Сертыфiкат фiзiчнай асобы

Самы просты прыклад, дзе патрабуецца iнфармацыя пра чалавека, — працэс яго рэгiстрацыi. З 2021 года, каб зарэгiстраваць чалавека з дапамогай ID-карткi, спатрэбiцца атрыманне анлайн-iнфармацыi пасродкам агульнадзяржаўнай аўтаматызаванай iнфармацыйнай сiстэмы (ААIС) «Рэгiстрацыйны ўлiк» або Рэгiстра насельнiцтва.

— Лiчбавы пашпарт зробiць у краiне рэвалюцыю. Гэтак жа як з`яўленне таксi Uber, якое змянiла падыходы да сэрвiсаў i мысленне людзей. Нам паказалi, як гэта можа працаваць у анлайн без дыспетчарскiх службаў. Наша задача цяпер — стварыць умовы для пераводу ўсiх працэсаў у анлайн-узаемадзеянне, каб мiнiмiзаваць паходы ў розныя структуры, — падкрэслiў эксперт. — Другое неабходнае мерапрыемства — поўная перапрацоўка дзяржаўнай сiстэмы кiравання адкрытымi ключамi. З 1 студзеня мы поўнасцю пачынаем сыходзiць ад выпуску сертыфiкатаў юрыдычных асоб. Гэта будзе сертыфiкат фiзiчнай асобы плюс сертыфiкат, якi вызначае яе паўнамоцтвы. Такiм чынам першасным суб`ектам становiцца чалавек, а працэсы, што адбываюцца вакол яго, — яго атрыбуты. I варыянтаў такiх сертыфiкатаў можа быць мноства.

Е-канструктар

Поўнасцю перапрацоўваецца агульнадзяржаўная аўтаматызаваная iнфармацыйная сiстэма (ААIС). Ад старой ААIС, якая стваралася ў 2008-м, практычна нiчога не застанецца. Вiзуальная частка працэсу лiчбавага прадстаўлення асобы чалавека будзе базiравацца цяпер на новых тэхналогiях з новымi функцыянальнымi магчымасцямi. З 1 студзеня з`явiцца таксама канструктар адмiнiстрацыйных працэдур i электронных паслуг усiх вiдаў — е-канструктар.

— З яго дапамогай мы зможам стварыць любую адмiнiстрацыйную працэдуру (незалежна ад таго, якому суб`екту яна будзе аказвацца) не за два-тры месяцы, а за тыдзень, не прыцягваючы да працэсу суперпраграмiстаў, — абазначыў Сяргей Руднеў.

Трэба будзе мяняць i звычку беларусаў давяраць дакументам на паперы з абавязковай пячаткай ды подпiсам службовай асобы. Звесткi з дзяржаўнага iнфармацыйнага рэсурсу апрыёры павiнны лiчыцца юрыдычна сапраўднымi. Нават калi ў гэтым рэсурсе будзе нейкая памылка, нiчога страшнага, яе выправяць. Ва ўсiм свеце чыстым лiчыцца рэсурс, сапраўднасць якога 70 %. Гэтага дастаткова, каб якасна працаваць з iнфармацыяй, упэўнены прадстаўнiк Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг:

— Цяпер мы пачынаем працаваць не з электроннымi файламi, падпiсанымi лiчбавым подпiсам, а са звесткамi, атрыманымi з iнфармацыйных рэсурсаў.

Нарадзiўся чалавек — атрымаў электронны кабiнет

Новая версiя партала электронных паслуг з`явіцца з 1 студзеня 2021 года.

І для кожнага беларуса на базе iнфармацыi з Рэгiстра насельнiцтва аўтаматычна створыцца новы электронны асабiсты кабiнет, незалежна ад таго, прасiў пра гэта чалавек цi не.

З моманту стварэння (з нараджэння чалавека) кабiнет мае статус неактыўны, пакуль чалавек яго не актывiзуе ў момант першаснай iдэнтыфiкацыi з выкарыстаннем электроннага лiчбавага подпiсу з ID-карткi. Тут будзе знаходзiцца ўся iнфармацыя з гiсторыяй выкарыстання гэтага кабiнета. Нават калi чалавек не заходзiў у кабiнет, але дзяржава рабiла нейкiя дзеяннi адносна грамадзянiна, то паведамленнi пра гэта будуць дасылацца ў кабiнет. Калi чалавек памёр, кабiнет аўтаматычна дэактывуецца, каб нiхто замест яго не змог здзейснiць нiякiх юрыдычна значных працэдур. У межах платформы ствараецца таксама электронны асабiсты кабiнет юрыдычнай асобы, расказаў Сяргей Руднеў:

— З 1 студзеня мы такiм чынам атрымлiваем два асабiстыя кабiнеты. Кабiнет фiзiчнай асобы дазваляе рэгулятару ў асобе Мiнiстэрства юстыцыi працаваць з грамадзянамi на базе звестак з Рэгістра насельніцтва. Асабiсты кабiнет юрыдычнай асобы дазволiць Мiнiстэрству эканомiкi працаваць з гэтымi асобамi. Пры гэтым кожны кабiнет юрыдычнай асобы будзе звязаны з канкрэтным грамадзянiнам, а не з кампанiяй.

Адна асоба — два пашпарты

З новага года ў беларусаў стане фактычна па два пашпарты: ID-картка для абазначэння асобы i бiяметрычны пашпарт, якi дазволiць выезд з краiны i будзе выдавацца не абавязкова, а пры патрэбе пакiнуць межы Беларусi. Тэрмiны выдачы такога пашпарта вызначаюцца законам, як i папяровага сiняга, аднак яны будуць больш скарочаныя. Дзейнiчаць дакумент будзе дзесяць гадоў, расказала Наталля Кочына, намеснiк дырэктара па камерцыйных пытаннях Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг.

Усе арганiзацыi краiны ў новым годзе павiнны закупiць счытвальнiкi, каб мець магчымасць прымаць грамадзян з ID-карткамi, на якiх ужо будзе змешчана неабходнае праграмнае забеспячэнне. На адваротным баку ID-карткі знаходзiцца прамавугольнiк, якi ўшываецца ў гэтую прыладу — гэта i ёсць лiчбавы подпiс, якi разам з ID-карткамі будзе выдавацца чалавеку. Цi карыстацца подпiсам, вырашае сам грамадзянiн.

— У першую чаргу з ажыццяўленнем адмiнiстрацыйных працэдур i аказаннем электронных сэрвiсаў з выкарыстаннем ID-карткi, пэўна, сутыкнуцца службы «адно акно», а таксама ўсе сферы жыццядзейнасцi чалавека, куды ён можа звярнуцца дзеля аказання паслуг, — заўважыла намеснiк дырэктара.

Абсалютна ўсе адмiнiстрацыйныя паслугi могуць быць накiраваны чалавеку ў яго асабiсты кабiнет пасля іх пераводу ў электронны выгляд. У тым лiку паведамленнi ад дзяржорганаў накшталт штрафаў i павестак. Лiчыцца, што грамадзянiн такiм чынам успрыняў дасланую iнфармацыю i не можа iгнараваць яе, бо дакумент дастаўлены.

— У дзеючай версii адзiнага партала электронных паслуг прысутнiчае 163 электронныя сэрвiсы (113 электронных паслуг i 50 адмiнiстрацыйных працэдур). I з моманту пераходу на новую платформу трэба будзе пераводзiць на яе i ўсе гэтыя рэсурсы, і адміністрацыйныя працэдуры, якія вызначаны ўрадам. Зрабiць гэта трэба да 2024 года. Ужо вызначаны пералiк з 30 найбольш запатрабаваных адмiнпрацэдур для грамадзян i 30 — для юрыдычных асоб, якiя неабходна перавесцi ў электронны выгляд найперш ужо налета.

На жаль, у межах БIСРС пакуль немагчыма выкарыстоўваць мабiльныя тэхналогii, каб атрымаць дадатковыя звесткi на тэлефон, аднак работа ў гэтым кiрунку вядзецца. Як i плануемая поўная алiчбоўка ўсёй iнфармацыi, якая захоўваецца ў архiвах загсаў.

Аўтар: Ірына Сідарок
Звязда, 14 кастрычніка 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/97/56420
Текущая дата: 26.11.2024