Белорусский портал в Казахстане

Сарваўшы сцэнар каляровай рэвалюцыі, дзяржава трымае сітуацыю ў краіне пад кантролем



Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 9 кастрычніка на нарадзе па актуальных пытаннях у Палацы Незалежнасці.

"Сарваўшы сцэнар каляровай рэвалюцыі, у цэлым мы трымаем сітуацыю пад кантролем, але ніякага самазаспакаення быць не павінна. Не трэба мець нейкіх ілюзій: ад новых спроб узарваць абстаноўку ў краіне ніхто не адмовіўся - занялі або чакальную пазіцыю, або гэта новы этап гэтай каляровай рэвалюцыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час ён заўважыў, што дзяржаўныя структуры ўжо настолькі прывыклі да вулічных акцый, што перасталі ўжо да іх сур`ёзна ставіцца.

"Але ж гэта таксама тэхналогіі, накіраваныя не толькі на ўсыпленне нашай пільнасці, але і на фармаванне новых, радыкальных форм арганізацыі пратэстаў. Так, яны, як многія кажуць, здуліся. Гэта праўда. Але з`явіўся большы радыкалізм. Можа, таму што ўжо хавацца няма за каго - мы іх бачым. Гэтыя радыкалы (гэта датычыцца перш за ўсё Мінска) спрабуюць гэтых разявак, моладзь, дзяцей уцягнуць у нейкую правакацыю, - заявіў Прэзідэнт. - Адбываецца пастаянная змена тактыкі. Моладзь наўмысна накіроўваецца (або кідаюць іх) на правакацыі: ідзіце да дамоў АМАПа, паліце машыны, вызваляйце "палітзняволеных" на Акрэсціна, блакуйце дарогі, кідайцеся пад службовы транспарт ДАІ і іншае. Зразумела, чаго яны дабіваюцца: камусьці не хапае крыві і сакральных ахвяр".

Адной з такіх сакральных ахвяр магла стаць экс-кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. Аднак жанчыну па яе ж просьбе паспелі своечасова вывезці ў Літву, нагадаў ён.

"Але мы бачым і іншае: сёння людзі ў Мінску зразумелі, што яны могуць страціць. У цэлым па краіне даўно ўсе зразумелі, нават у Гродне, Брэсце. А ў Мінску тыдзень таму, напэўна, працэнтаў 90 зразумелі, што можа быць. Яны адчулі на сабе ўсё "хараство" так званай вулічнай дэмакратыі, трапіўшы ў шматкіламетровыя пробкі. Бацькі не могуць пакласці дзіця спаць з-за натоўпу, які крычыць пад вокнамі. Дэструктыўнасць гэтага вулічнага руху ў наяўнасці. Сёння яны пра дыялог, а самі настойваюць на заведама невыканальных патрабаваннях", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што пратэстуючыя называюць свае дэманстрацыі мірнымі, але адначасова займаюцца цкаваннем прыхільнікаў улады, пагражаюць дзяржслужачым, ваенным і іх сем`ям расправамі.

"Многія людзі проста патрабуюць жорстка навесці парадак. Я хачу супакоіць іх: у гэтай жорсткасці сёння няма неабходнасці. Калі такая неабходнасць будзе, яна неадкладна будзе задзейнічана. Краіну трэба захаваць, калі мы не хочам таго, што адбываецца па перыметры, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Таму лішняй, неадэкватнай жорсткасці не трэба. Я прашу прабачэння, вядома, у часткі мінчан і прашу іх проста пацярпець".

Пратэстуючыя таксама заяўляюць, што хочуць дабрабыту ў краіне, але ў той жа час заклікаюць абваліць эканоміку Беларусі. Такім чынам, яны разлічваюць, што ў горшых эканамічных умовах іх прапановы будуць падтрыманы. І гэта неразумная тактыка, заўважыў Прэзідэнт. "Яны гавораць пра сумленнасць, а паглядзіце, колькі фэйкаў. І нават калі мы выкрываем гэтыя фэйкі, прасіць прабачэння не хочуць", - дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў работу сілавікоў, якія, паводле яго слоў, "пры ўсіх недахопах на правакацыі не паддаліся".

"Праваахоўныя органы навучыліся працаваць (у нас жа такога ніколі не было), адаптаваліся да гэтай сітуацыі, захоўваюць вытрымку, спакой, а дзе трэба - і разумную гібкасць. Тым не менш, органам правапарадку перш за ўсё трэба абараніць законапаслухмяных грамадзян. Ні ў якім разе законапаслухмяныя людзі не павінны прад`явіць нам прэтэнзіі. І я ў гэтым плане чакаю ад сілавікоў выразнага, адэкватнага рэагавання: любое парушэнне трэба спыняць. Тым больш недапушчальна, калі радыкальная частка мітынгуючых пачынае закідваць камянямі, брусчаткай, палкамі нашых ваеннаслужачых", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

9 кастрычніка 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/98/56402
Текущая дата: 26.11.2024