Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі штогод усынаўляюць да 500 дзяцей



Аб гэтым паведаміла 19-га лістапада галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і моладзевай палітыкі Міністэрства адукацыі Алена Сімакова.

"Прыярытэт аддаецца ўнутрыкраінаваму ўсынаўленню і ўдачарэнню. Калі ўсынавіцель і дзіця не сваякі, то ўзяць у сям`ю могуць толькі жыхары краін, з якімі падпісаны міжнародныя дагаворы. Пакуль гэта толькі Італія. Для сем`яў-сваякоў няма абмежаванняў па краіне пражывання", - сказала Алена Сімакова.

У Мінску ў сем`ях пражываюць 1210 усыноўленых дзяцей.

"Звычайна сямейная пара - гэта беларускія грамадзяне. Як правіла, яны афармляюць дакументы на дзяцей да 5 гадоў. Хоць апошнім часам усынаўляюць дзяцей 10-12-ці гадоў і старэйшых", - удакладніла загадчыца сектара сацыяльна-педагагічнай работы і аховы дзяцінства камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Зінаіда Вараб`ёва.

Мінск у 2018 годзе заняў 2-е месца ў краіне (пасля Мінскай вобласці) па колькасці ўсынаўленняў: у горадзе знайшлі новую сям`ю 102 дзіцяці.

Некаторыя з дзяцей-сірот могуць вярнуцца ў родную сям`ю. Штогод да біялагічных бацькоў вяртаюцца не больш за 200 дзяцей, паведаміла Алена Сімакова. Гэта магчыма або праз вяртанне бацькоўскіх правоў, або праз рашэнне суда аб адмене раней прынятага рашэння аб адабранні дзіцяці.

19 лістапада 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/1/50605
Текущая дата: 02.05.2024