Белорусский портал в Казахстане

Таццяны 25 студзеня змогуць бясплатна наведаць канцэрт віцебскай філармоніі



Віцебская абласная філармонія падрыхтавала 25 студзеня для Таццян сюрпрыз: жанчыны з такім імем змогуць наведаць канцэрт бясплатна, паведаміла рэдактар філармоніі Вікторыя Авік.

Таццянін дзень у Віцебску пройдзе пад гукі цымбалаў салісткі абласной філармоніі Таццяны Моўлі. У канцэртнай праграме Around the world прымуць таксама ўдзел Алена Гракава, Леанід Кажарскі і Таццяна Шахрай.

"Увечары 25 студзеня выканаўцы адправяць слухачоў у кругасветнае музычнае падарожжа. Пранізлівая, чуллівая мелодыя "Лібертанга" Астара П`яцолы перадасць атмасферу паўднёвай аргенцінскай ночы. Яркі і эмацыянальны танец "Даўлуры" ў апрацоўцы Мікалая Нарыманідзэ азнаёміць з нацыянальным мастацтвам грузінскага народа. Жыццярадасныя "Карцінкі Кубы" Барыса Векслера намалююць для віцебскай публікі трапічны рай Вострава Свабоды", - адзначыла Вікторыя Авік.

Атрымаць асалоду ад лепшых мелодый з розных куткоў свету віцебскія Таццяны змогуць бясплатна пры прад`яўленні дакумента, што засведчвае асобу. Колькасць "імянных" білетаў абмежавана.

15 студзеня 2020, Віцебск
Андрэй Шчарбіцкі - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/1/51305
Текущая дата: 04.05.2024