Белорусский портал в Казахстане

Лепшыя кнігі Беларусі за 2019 год прадстаўлены на выстаўцы ў Мінску



Выстаўка выданняў, адзначаных у гэтым годзе ўзнагародамі Нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі", па 18 красавіка праходзіць у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, паведамілі ва ўстанове.

Штогод, пачынаючы з 1960 года, вынікі работы беларускіх выдаўцоў традыцыйна падводзіць рэспубліканскі конкурс "Мастацтва кнігі". Яго заснавальнікам выступае Міністэрства інфармацыі. Мэта конкурсу - развіццё мастацтва беларускай кнігі, павышэнне яе канкурэнтаздольнасці, мастацкай і паліграфічнай культуры. Гэта своеасаблівая творчая справаздача выдаўцоў, мастакоў, паліграфістаў, якія стварылі лепшыя ўзоры друкаванай прадукцыі за мінулы год.

У конкурсе ўдзельнічала 35 выдавецтваў са 180 выданнямі. Менш за палову з іх увайшло ў шорт-ліст, з якога кампетэнтнае журы выбірала пераможцаў у 16 намінацыях: галоўнай, тэматычных, спецыяльных і персанальных. Вышэйшая ўзнагарода конкурсу ўручана ў намінацыі "Трыумф" выдаўцу Дзянісу Раманюку за кнігу "Беларусь. Храм і Краявід". Дыплом пераможцы ў намінацыі "За ўклад у захаванне духоўнай спадчыны" ўручаны Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі за факсімільнае выданне "Берасцейская Біблія. 1563".

Лепшым ілюстратарам прызнаны Уладзімір Даўгяла за ілюстрацыі да кнігі "Чарадзейны пярсцёнак", лепшым дызайнерам - Уладзімір Лукашык за кнігі Васіля Гігевіча "Востраў", Алеся Бадака "Развітанне з вечнасцю" і серыю кніг "Напісанае застаецца". Лепшым фотамастаком журы назвала Андрэя Шчукіна за аўтарскую фотаздымку да кнігі "Смак беларускай кухні".

Нацыянальная бібліятэка запрашае ўсіх жадаючых азнаёміцца з лепшымі выданнямі Беларусі 2019 года.

19 лютага 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/1/51789
Текущая дата: 29.03.2024