Белорусский портал в Казахстане

Беларускі саюз жанчын дае старт маштабнай акцыі падтрымкі медыкаў



Гэта тэма абмяркоўвалася 8 красавіка ў час пасяджэння прэзідыума БСЖ.

Беларускі саюз жанчын адкрывае дабрачынны рахунак для дапамогі ў барацьбе з каранавірусам і такім чынам дае старт маштабнай акцыі "Марафон падтрымкі".

Прайшла відэаканферэнцыя з удзелам усіх абласных арганізацый Беларускага саюза жанчын і гарадской арганізацыяй Мінска, а таксама кіраўніцтвам галоўных упраўленняў па ахове здароўя рэгіёнаў. У мерапрыемстве прыняла ўдзел намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан.

Старшыня Беларускага саюза жанчын Мар`яна Шчоткіна падкрэсліла, што грамадскае аб`яднанне не можа заставацца ўбаку ад барацьбы з каранавірусам і гатова падставіць жаночае плячо ў вырашэнні праблемы. Яна адзначыла, што ў гэтыя дні паступала вельмі шмат званкоў з пярвічных арганізацый з прапановамі дапамагчы. Ёсць шмат жадаючых аказаць падтрымку, але пакуль не было выразнай каардынацыі дзеянняў. Таксама былі просьбы пасадзейнічаць у вырашэнні канкрэтных пытанняў.

Мар`яна Шчоткіна звярнула ўвагу: "Значная частка медыкаў - гэта жанчыны, і мы, як жаночае аб`яднанне, хочам і проста абавязаны па меры магчымасці аблягчыць іх нялёгкую працу. Медыцынскія работнікі сапраўды знаходзяцца на перадавой барацьбы з каранавірусам. Гэта наша агульная задача - дапамагаць медыкам, якія працуюць у складаных умовах. Многія працуюць кругласутачна, адарваны ад сем`яў, некаторыя каб засцерагчы ад небяспекі родных, начуюць на рабоце. Гэта значыць, да ўсяго іншага ўзнікае і шмат бытавых нязручнасцей".

"Ёсць шэраг пытанняў, якія мы можам закрыць. Пры кругласутачнай рабоце патрэбны гарачыя абеды, тыя ж сродкі гігіены. У некаторых медработнікаў дома пажылыя бацькі, некаторыя адны выхоўваюць дзяцей, і можа, сем`ям трэба дапамагчы ў гэты час. Зразумела, што вельмі шмат далікатных тэм, якія ніхто не стане ўзнімаць на ўзроўні Міністэрства аховы здароўя. А на ўзроўні Беларускага саюза жанчын мы гатовы дапамагчы. Менавіта для вырашэння канкрэтных праблем і ствараецца дабрачынны рахунак Беларускага саюза жанчын", - адзначыла Мар`яна Шчоткіна.

Плануецца, што дапамога з дабрачыннага фонду будзе аказвацца кропкава: канкрэтным медустановам, бальніцам сястрынскага догляду, медыкам, сем`ям. Прычым усё будзе празрыста: даныя будуць пастаянна публікавацца на сайце БСЖ.

Мар`яна Шчоткіна, звяртаючыся да прадстаўнікоў БСЖ у рэгіёнах, сказала: праблемныя пытанні трэба ўзнімаць і агучваць, каб своечасова іх вырашаць.

Па відэасувязі прадстаўнікі Віцебскай, Магілёўскай, Брэсцкай, Гродзенскай, Гомельскай, Мінскай абласцей і Мінска абмяркоўвалі найбольш важныя цяпер тэмы, у тым ліку механізм дапамогі праз дабрачынны рахунак БСЖ. Дарэчы, грошы туды можна будзе накіроўваць і праз АРІП.

"Сродкі будуць выкарыстоўвацца дакладна па заяўках. База заявак будзе стварацца знізу ўверх, гэта значыць пачынаючы з сельскіх, раённых бальніц да абласных. Літаральна заўтра першыя заяўкі ўжо будуць акумуляваны ў Беларускім саюзе жанчын і пачнецца вялікая работа. Усе намаганні грамадства трэба накіраваць у адно рэчышча", - упэўнена Мар`яна Шчоткіна.

У сваю чаргу Алена Богдан растлумачыла, што дабрачынны рахунак БСЖ будзе функцыянаваць нараўне з рахункам Міністэрства аховы здароўя. Абодва створаны для барацьбы з каранавірусам, але ёсць некаторыя адрозненні. Напрыклад, з рахунку Міністэрства аховы здароўя не можа фінансавацца нейкая канкрэтная медустанова. Яно вырашае маштабныя пытанні: у прыватнасці, па закупцы вялікіх мэтавых партый сродкаў аховы, якія затым дзеляцца прапарцыянальна на ўсе рэгіёны краіны.

"Наша задача - закрыць закупкай вялікіх партый сродкаў аховы існуючыя праблемы. А рэсурс БСЖ можна выкарыстоўваць менавіта для вырашэння кропкавых праблем. Не заўсёды медыкі могуць агучыць Міністэрству аховы здароўя свае бытавыя праблемы. А між тым ўсё гэта трэба ўвесці ў кіруемае рэчышча. У нас ёсць унікальная магчымасць абазначыць перад БСЖ, як прадстаўнікамі грамадскасці, праблему, каб яе дапамаглі вырашыць, аблягчыўшы тым самым працу работнікаў аховы здароўя. Яны кожны дзень здзяйсняюць маленькія подзвігі", - сказала Алена Богдан.

Падводзячы вынікі сустрэчы, Мар`яна Шчоткіна сказала, што БСЖ заклікае ўсіх падтрымаць медработнікаў, ад якіх залежыць наша здароўе, аказаць дапамогу тым, каму яна асабліва патрэбна.

Кіраўнік БСЖ падкрэсліла: "Мы ўсе павінны аб`яднацца і дапамагаць адзін аднаму. На барацьбу з каранавірусам трэба задзейнічаць увесь патэнцыял грамадства".

9 красавіка 2020, Мінск
Аліна Грышкевіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/1/52614
Текущая дата: 29.03.2024