Белорусский портал в Казахстане

Нельга пабудаваць будучае Беларусі, адмовіўшыся ад мінулага і разбурыўшы сучаснае



Такое меркаванне выказаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч, вітаючы ўдзельнікаў моладзевага форуму ў Магілёве.

"Мне хацелася б, каб кожны з вас памятаў, што будучае Беларусі нельга пабудаваць, калі адмовіцца ад мінулага і разбурыць сучаснае. Нас шмат, і мы розныя, але Беларусь у нас адна, - адзначыў у час прывітання Андрэй Кунцэвіч. - Вялікі дзякуй, што вы сёння тут, разам са сваёй краінай. Дзякуй, што адклалі свае справы, думкі аб маючых адбыцца экзаменах і ацэнках і адгукнуліся на запрашэнне арганізатараў. Можа, менавіта сёння кожнаму з нас даводзіцца здаваць самы важны экзамен у сваім жыцці".

Сёння Магілёў адкрыў чараду моладзевых форумаў "Беларусь - гэта мы". "І мне асабліва прыемна, што моладзь маёй роднай Магілёўшчыны дае старт серыі моладзевых форумаў. Я ўпэўнены, што сёння ўсе даведаюцца, што Беларусь - гэта вы, маладыя, разумныя, светлыя, амбіцыйныя і накіраваныя наперад людзі", - падкрэсліў у час выступлення намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Андрэй Кунцэвіч зачытаў удзельнікам форуму прывітанне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

"Вы сабраліся тут, каб адкрыта выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. Аб`ядналіся, каб стаць на абарону галоўных дасягненняў такой жа, як вы, маладой і незалежнай краіны. Няма нічога даражэйшага за мір, бяспеку і свабоду, за якую нашы продкі ў розныя гады аддавалі жыцці. Сёння гэтыя каштоўнасці зноў маюць патрэбу ў абароне, таму што Беларусь застаецца цэнтрам перасячэння геапалітычных інтарэсаў, - гаварылася ў прывітанні. - Вы ўжо ўвайшлі ў гісторыю як першае пакаленне суверэннай беларускай дзяржавы і павінны застацца ў ёй як патрыёты, якія ў няпросты час з гонарам прайшлі выпрабаванні на трываласць, захавалі адданасць спрадвечным традыцыям і збераглі родны дом - Беларусь".

Удзельнікамі моладзевага форуму ў Магілёве сталі 4 тыс. чалавек. Гэта прадстаўнікі навучэнскай моладзі, калектываў вядучых прадпрыемстваў вобласці. Для гасцей форуму падрыхтавалі вялікі святочны канцэрт.

25 верасня 2020, Магілёў
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/1/56237
Текущая дата: 24.04.2024