Белорусский портал в Казахстане

У НАН абмяркуюць ролю Інбелкульта ў гісторыі сучаснай навукі



25 студзеня ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі пачне работу Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Інстытут беларускай культуры (1922–1928): нараджэнне нацыі і нацыянальнай навукі».

Мерапрыемства прысвечана юбілею першага нацыянальнага навукова-даследчага цэнтра і 100-гадоваму юбілею беларускай акадэмічнай навукі. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі ўстановы НАН Беларусі: Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа, Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы.

На канферэнцыі плануецца абмеркаваць шырокі спектр пытанняў і тэм: навукова-даследчую работу Інбелкульта, спецыфіку лінгвістычных, краязнаўчых, гістарычных, літаратуразнаўчых, мастацтвазнаўчых напрамкаў работы беларускіх навукоўцаў у пачатку ХХ стагоддзя, невядомыя старонкі дзейнасці Інбелкульта, лёсы беларускіх навукоўцаў і іх творчую спадчыну.

У рабоце канферэнцыі прымуць удзел вядучыя навукоўцы навуковых арганізацый НАН Беларусі, прадстаўнікі вышэйшых навучальных устаноў краіны.

Надзея Нікалаева
Звязда, 19 студзеня 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/1/62920
Текущая дата: 04.05.2024