Белорусский портал в Казахстане

Акуловіч: шанаваць і любіць мову - патрэба кожнага беларуса



Шанаваць і любіць мову - патрэба кожнага беларуса. Такой думкай падзялілася генеральны дырэктар Беларускага тэлеграфнага агенцтва Ірына Акуловіч падчас урачыстага мерапрыемства ў Міжнародны дзень роднай мовы ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы.

"Гэта вельмі прыгожая творчая імпрэза, неабходная нам усім. Мова - гэта душа народа, культура, традыцыі, гэта мы. Таму любіць яе, шанаваць, безумоўна, - патрэба кожнага беларуса", - сказала Ірына Акуловіч.

Сёння на купалаўскай сцэне генеральны дырэктар БЕЛТА выступіла з вершам Яўгеніі Янішчыц "Непрыручаная птушка". Верш гэтага ж аўтара яна дэкламавала, дарэчы, і ў мінулым годзе на падобнай імпрэзе. Увогуле ў сям`і Ірыны Акуловіч чытаюць родную літаратуру, а любімая калыханка - беларускамоўная.

Што датычыцца дзейнасці інфармацыйнага агенцтва, Ірына Акуловіч расказала, што ў 90-я гады, адразу пасля запуску сайта БЕЛТА, пачала працаваць яго беларускамоўная версія. "І калі раней гэта было 30-40 навін у дзень, то цяпер - больш за сто навін. Мы перакладаем на беларускую мову ўсе творчыя, прыгожыя праекты, напрыклад "Беларусы ў кадры". Людзей, якія заходзяць на беларускамоўную версію сайта, становіцца ўсё больш. Мы бачым, што гэта патрэбна, цікава. Гэта тое, што сёння важна нашаму грамадству, каб адчуваць сябе беларусамі", - падкрэсліла яна.

21 лютага 2025, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/1/77171
Текущая дата: 24.02.2025