Белорусский портал в Казахстане

Папа Францішак прызначыў новага Апостальскага нунцыя ў Беларусі



25 сакавіка, ва ўрачыстасць Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі, Папа Францішак прызначыў новым Апостальскім нунцыем у Беларусі арцыбіскупа-наміната Іньяцыё Чэффаліа.

Пра гэта са спасылкай на афіцыйныя крыніцы Святога Пасаду паведаміла Апостальская нунцыятура ў Беларусі. Ніжэй прыводзім тэкст паведамлення.

ПАВЕДАМЛЕННЕ АПОСТАЛЬСКАЙ НУНЦЫЯТУРЫ
Ў РЭСПУБЛІЦЫ БЕЛАРУСЬ

Апостальская нунцыятура ў Рэспубліцы Беларусь паведамляе, што Святы Айцец Францішак прызначыў мансіньёра Іньяцыё Чэффаліа (Ignazio Ceffalia) Апостальскім нунцыем у Рэспубліцы Беларусь з адначасовым прызначэннем на тытулярную катэдру Фіарэнтына (Fiorientino) з тытулам арцыбіскупа.

Мансіньёр Іньяцыё Чэффаліа нарадзіўся 28 красавіка 1975 года ў горадзе Палерма ў Італіі. Атрымаў святарскае пасвячэнне 6 жніўня 2003 года; інкардынаваны ў дыяцэзію П’яна-дэльі-Альбанезі. З’яўляецца доктарам кананічнага права. Распачаў дыпламатычную службу ў Святым Пасадзе 1 ліпеня 2006 года; працаваў у Эквадоры, Тайландзе, Пастаянным Прадстаўніцтве Святога Пасаду пры Савеце Еўропы (Страсбург), у Секцыі Адносін з Дзяржавамі Дзяржаўнага Сакратарыята Святога Пасаду і да апошняга часу ў Венесуэле. Валодае італьянскай, албанскай, французскай, англійскай, іспанскай мовамі.

Catholic.by, 25 сакавіка 2025

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/1/77599
Текущая дата: 29.03.2025