Белорусский портал в Казахстане

Запрашае восеньскае кіно



У Беларусі стартаваў прыём заяўкі, на Міжнародны кінафестываль «Лістапад».

XXXІ Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» пройдзе ў Беларусі з 31 кастрычніка да 7 лістапада. А ўжо з учарашняга дня ўсе ахвотныя ўзяць удзел могуць падаваць заяўкі і чакаць запаветнага адказу. Прыём заявак працягнецца да 1 верасня. Дарэчы, летась на ўдзел у кінафестывалі паступіла больш за 3,4 тыс. заявак са 124 краін, паказваліся кінакарціны практычна з усіх кантынентаў.

Як адзначыла начальніца аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Ірына Дрыга, ведамства таксама садзейнічае папулярызацыі фестывалю. «Мы ўжо вядзём работу па запрашэнні ганаровых гасцей, якія змогуць стаць членамі журы, даць майстар-класы і правесці творчыя сустрэчы. Міністэрствам культуры накіраваны лісты-запрашэнні кінематаграфістам з Расійскай Федэрацыі, краін Еўразійскага эканамічнага саюза і Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва», — адзначыла яна.

Да ўдзелу ў кінафестывалі запрашаюцца замежныя кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, якія курыруюць кінематограф, а таксама кіраўнікі або ўладальнікі буйных кінакампаній. «Упершыню мы запрашаем з краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў кіраўнікоў саюзаў кінематаграфістаў. Ёсць Канфедэрацыя саюзаў кінематаграфістаў, і мы хочам іх сабраць на „Лістападзе“, каб калегі маглі абмяняцца думкамі і наладзіць дзелавыя і творчыя кантакты», — дадала Ірына Дрыга

Адметнасцю сёлетняга «Лістапада» стане тое, што ў яго праграме з’явіцца конкурс кароткаметражных фільмаў. Усяго ж конкурсных праграм у гэтым годзе будзе восем.

Звязда, 20 траўня 2025

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/1/78085
Текущая дата: 21.05.2025