Ужо праз месяц у горадзе на Дзвіне ўрачыста распачнецца XXXІV Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Але, як правіла, некалькі дзён да таго ўжо праходзяць імпрэзы, канцэрты, сустрэчы з зоркамі. Якімі? Тут неспадзяванкі і сюрпрызы.
Вядома, дзіцячы міжнародны конкурс заўсёды стартаваў загадзя, каб падрыхтаваць гледачоў да доўгатэрміновага шоу — і цяпер конкурс збярэ маленькіх выканаўцаў 8 ліпеня. А на сцэне стадыёна ЦСК «Віцебскі» можна наведаць канцэрт «Зоркі ТіkТок», дзе разам з прафесійнымі артыстамі і дзіцячымі калектывамі выступяць папулярныя блогеры і ціктокеры. На наступны дзень на тую ж сцэну выйдзе Стас Міхайлаў са сваімі новымі і ўпадабанымі песнямі. Але ёсць альтэрнатыва: канцэрт нашага Пятра Ялфімава ў канцэртнай зале «Віцебск» (а 10-га на той жа пляцоўцы выступіць Алена Ваенга). Між іншым, калі каму трэба нешта больш цяжкае, то тым жа вечарам у Летнім амфітэатры гледачоў чакаюць «Легенды рока». Гэта каб разагрэцца перад асноўнай часткай, якая стартуе 10 ліпеня канцэртам адкрыцця фестывалю на сцэне Летняга амфітэатра.
З мерапрыемстваў, што сталі традыцыйнымі ў межах фестывалю, — Дні Саюзнай дзяржавы, у рамках якіх 11 ліпеня пройдзе гала-канцэрт «Саюзная дзяржава запрашае...» з удзелам вядучых майстроў мастацтваў Беларусі і Расіі, якія выступяць на сцэне Летняга амфітэатра. А ўжо ноччу тут адбудзецца рэтравечарынка «Залаты хіт» (успамінаем, каго слухалі ў 1990-я і 2000-я гады). Зноў-такі выбар, як правесці гэты вечар, бо на стадыёне ЦСК «Віцебскі» шоу «Рытмы лета» прапануе папулярныя сёння песні. Сярод іншых удзельнікаў гэтага шоу — імёны Вольгі Бузавай і Аляксея Вараб’ёва.
Як найбольш ярка правесці суботу 12 ліпеня? Няма такога пытання для прыхільнікаў КВЗ. Гульня на кубак «Славянскага базару ў Віцебску» — тая яшчэ інтрыга, таму што назвы каманд-удзельніц пакуль у сакрэце. А калі гэта гульня на галоўнай фестывальнай сцэне, то пераможца мае быць варты ўвагі.
Таксама як і пераможцы традыцыйнага конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні, з якога, уласна, некалі і вырас вялікі фестываль. Тыя, хто бярэ ўдзел у творчых спаборніцтвах, выйдуць на сцэну Летняга амфітэатра 12 ліпеня, каб выканаць сусветныя хіты (пад фанаграму «-1»). Калі хто раздумвае, ісці ці не на пакуль невядомых артыстаў, то бонусам стане выступленне Сяргея Лазарава ў другім аддзяленні. Конкурс працягнецца і ў нядзелю — праграмай «Славянскі хіт», дзе спяваць прыйдзецца ўжо разам з аркестрам. Але ж нездарма гэты канцэрт задуманы пад заслону афіцыйнай часткі фестывалю 13 ліпеня на сцэне Летняга амфітэатра — звычайна на закрыцці фестывалю становяцца вядомыя імёны пераможцаў і ўручаюцца ўзнагароды.
Свае песні будуць і ў тых, хто пойдзе ў нядзелю на стадыён ЦСК «Віцебскі», дзе адбудзецца рэтрадыскатэка «Танцпляцоўка з Душэўным радыё». І на гэтым... не ўсё. Панядзелак — і зноў музычныя бонусы для віцябчан. Тут варта звярнуць увагу: у канцэртнай зале «Віцебск» дае канцэрт «ДіДзюЛя», супергітарыст і наш зямляк. А ў Летнім амфітэатры 14 ліпеня яшчэ пройдзе канцэрт «Шансон ТБ — усе зоркі».
Насамрэч і гэта далёка не ўсё з таго, што запланавана. Яшчэ будуць выстаўкі, канцэрты на іншых пляцоўках, дзе выступяць акадэмічныя музыканты. І асобнай увагі заслугоўвае тэатральная праграма з удзелам беларускіх і расійскіх калектываў і артыстаў.
Аўтар: Ларыса Цімошык
Звязда, 5 чэрвеня 2025
Звязда, 5 чэрвеня 2025
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/1/78149
Текущая дата: 07.06.2025