У Полацку ўпершыню прадставілі спектакль «Евфросиния Полоцкая. Святыя літары» Брэсцкага тэатра лялек.
Прэм’ера спектакля прайшла на тэатральнай сцэне ў кастрычніку 2023 года. У Полацку, на радзіме прападобнай і беларускай асветніцы, пастаноўку прадставілі першы раз. Гэта стала сімвалічным напярэдадні святкавання 900-годдзя Спаса-Ефрасіннеўскага жаночага манастыра, пабудаванага пад кіраўніцтвам святой. Спектакль быў створаны пры падтрымцы гранта Прэзідэнта Беларусі ў галіне навукі, культуры і мастацтва.
У духоўным спектаклі артысты расказалі, калі нарадзілася князёўна Прадслава, як з ранніх гадоў спасцігала жыціі велікамучанікаў, а пасля літары са святых пісанняў суправаджалі яе на працягу ўсяго жыцця. Вестка пра яе розум і прыгажосць разнеслася ў розныя землі, і калі дзяўчыне споўнілася 12 гадоў, бацька захацеў выдаць яе замуж. Аднак князёўна жадала сабе іншага лёсу. Яна пайшла ў манастыр і прыняла пострыг, а потым, жывучы ў келлі Сафійскага сабора, пісала кнігі ад рукі.
У спектаклі перададзены таксама перажыванні бацькі князёўны, яе думкі пра жыццё вечнае і подзвігі праведнікаў, імкненні асветніцы дапамагаць людзям. Гледачы даведаліся, як з’явіўся Свята-Ефрасіннеўскі жаночы манастыр, якія цяжкасці былі з узвядзеннем святога манастыра. Як прападобная загадала ніколі не выносіць з манастыра крыж, які па яе заказе зрабіў майстар Лазар Богша, а таму, хто парушыў яе запавет, святыня не павінна была прынесці ніякай карысці і Божай дапамогі. Як вядома, у час Вялікай Айчыннай вайны арыгінал крыжа бясследна знік, і толькі ў 1997 годзе была адноўлена копія рэліквіі.
Не абышлі ўвагай у пастаноўцы і рашэнне Ефрасінні ісці ў Святую зямлю. Для прападобнай паломніцтва стала першым і апошнім паходам у Іерусалім. Яе дух адышоў у свет іншы, пасля таго як яна пакланілася Гробу Гасподняму.
Гісторыя аб праведным подзвігу вялікай асветніцы нікога не пакінула абыякавым. Дзеці і дарослыя душэўна прынялі гасцей з паўднёвага рэгіёна, а ў зале быў поўны аншлаг. Полацкія гледачы бурнымі апладысментамі падзякавалі артыстам за цікавую інтэрпрэтацыю гісторыі сваёй зямлячкі.
Звязда, 4 чэрвеня 2025
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/1/78160
Текущая дата: 08.06.2025