Гэтым разам дні 21—22 чэрвеня ўмясцілі вельмі вялікую і разнастайную праграму мерапрыемстваў па ўсёй краіне.
Але самыя важныя, самыя кранальныя і шчымлівыя з іх прайшлі ў крэпасці. Брэсцкую крэпасць цяпер амаль немагчыма ўявіць без Паста памяці, які нясе сваю вахту каля Вечнага агню вось ужо амаль 50 гадоў.
Напярэдадні жалобнай даты, днём 21 чэрвеня, каля сцен цытадэлі прайшло ганаровае пастраенне ўдзельнікаў злёту пастоў памяці гарадоў-герояў. Гэта 17 дэлегацый з розных куткоў Беларусі і Расіі, якія ўдзельнічаюць у дзіцячым патрыятычным руху.
Цэлы дзень крэпасць наведвалі розныя дэлегацыі, патокам ішлі экскурсанты. А ў 19 гадзін па традыцыі каля скульптурнай кампазіцыі «Героям граніцы, жанчынам і дзецям, якія мужнасцю сваёй у бяссмерце крочаць» Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь правёў акцыю памяці «Баявы разлік». Мерапрыемства вось ужо сёмы раз ладзіцца каля сцен Брэсцкай крэпасці ў гонар герояў-пагранічнікаў, тых, хто 21 чэрвеня 1941 года ў 19 гадзін прайшоў рытуал прызначэння на ахову дзяржаўнай граніцы — баявы разлік, які аказаўся апошнім. Бо ў першыя ж хвіліны вайны ў бой з праціўнікам уступілі байцы пагранічных нарадаў. І, нягледзячы на тое, што падраздзяленням германскай арміі на захоп кожнай з застаў адводзілася гадзіна, нашы вартавыя мяжы трымаліся многія гадзіны, нават дні. Абараняліся да апошняга байца альбо апошняга патрона.
Гэта ў іх гонар, а таксама ў гонар усіх пагранічнікаў, якія загінулі ў гады вайны, на плошчы перад помнікам героям граніцы выстраіліся курсанты Інстытута пагранічнай службы з партрэтамі байцоў Беларускай пагранічнай акругі. Пачалася пераклічка:
— Начальнік 9-й заставы 105-га пагранатрада Іларыён Сямёнавіч Аляксееў!
— Кулямётчык 1-й заставы 17-га пагранатрада чырвонаармеец Міхаіл Васільевіч Андрыянаў!
— Начальнік 9-й заставы 17-га пагранатрада Герой Савецкага Саюза Андрэй Мітрафанавіч Кіжаватаў!..
І адказ у кожным выпадку быў аднолькавы: «Паў смерцю храбрых за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы».
Гэтым разам мерапрыемства наведаў спецыяльны госць — заслужаны артыст Расіі Андрэй Мярзлікін, які сыграў ролю лейтэнанта Кіжаватава ў фільме «Брэсцкая крэпасць».
У 2010 годзе прэм`ера фільма адбылася вось тут, у крэпасці, і пачыналася ў дзве гадзіны ночы. Тады таксама ішоў невялікі дождж... А сёлета цішыню, якая тут адчуваецца па-асабліваму, калі яшчэ зусім не пяюць птушкі, пранізліва разарвалі гукі «Рэквіема». Твор Дзмітрыя Кабалеўскага выканалі Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора Аляксандра Анісімава, Дзяржаўная акадэмічная капэла імя Р. Шырмы, Дзяржаўны камерны хор, Акадэмічны хор НГТРК, а таксама салісты і чытальнікі.
Музыка гэтага велічнага твора прымушала сціскацца сэрца, абуджала думкі, развагі, выклікала смутак. Менавіта «Рэквіем» стаў пралогам да жалобных мерапрыемстваў, якія заўсёды пачынаюцца тут у чатыры гадзіны раніцы. Урачыста выносіцца Сцяг Брэсцкай крэпасці. Пачынаецца мітынг.
— Прайшло больш за 80 гадоў з таго дня, а мы беражліва захоўваем памяць пра герояў, тых, хто здабыў для нас мір, адстаяў свабоду і незалежнасць. Да гэтай пары адкрываюцца новыя трагічныя старонкі гісторыі вайны, — сказаў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка. — Толькі ў ходзе расследавання крымінальннай справы аб генацыдзе ў Брэсцкай вобласці выяўлена 26 раней невядомых месцаў знішчэння мірных грамадзян. Усяго было разбурана і знішчана больш за 800 населеных пунктаў. Мы не павінны дапусціць, каб фашызм і нацызм паднялі галовы і пусцілі карані на нашай зямлі. Гэта наш абавязак перад ветэранамі і шматлікімі ахвярамі Вялікай Айчыннай вайны. Мы павінны захаваць памяць...
Адным з самых шчымлівых і эмацыянальных момантаў начных мерапрыемстваў, на маю думку, заўсёды становіцца спусканне вянкоў па Бугу, што праводзяць вартавыя граніцы. У памяць пра загінулых па даўняй традыцыі спускаюцца вянкі з запаленымі свечкамі на воды Заходняга Буга. Іх пранеслі і апусцілі ў раку сённяшнія вайскоўцы, равеснікі тых, хто аддаў жыццё ў 1941-м. Як толькі вянкі паплылі па вадзе, у неба ўзляцелі белыя шары, нібы светлыя душы загінулых. Усё гэта праходзіць моўчкі і выклікае асаблівыя трапяткія пачуцці: вось тут яно ўсё адбывалася!
Цырымонія ўскладання кветак — таксама абавязковы рытуал ранішняга мітынгу. Да Вечнага агню і некропаля, пад плітамі якога ляжаць 1038 абаронцаў крэпасці — увекавечана толькі 277 імёнаў, астатнія застаюцца невядомымі, — усклалі кветкі кіраўнікі Брэста і вобласці, а таксама шматлікія госці мерапрыемстваў. Сярод іх — прадстаўнікі дэлегацый гарадоў, Саюзнай дзяржавы, Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, дыпламатычных місій, расійскіх рэгіёнаў, грамадскіх арганізацый, удзельнікі патрыятычных акцый, у тым ліку «Цягніка Памяці», Х Беларуска-расійскага моладзевага форуму.
Мітынг завяршыўся ганаровым маршам войскаў Брэсцкага гарнізона. А на Кобрынскім умацаванні тым часам пачыналася ваенна-гістарычная рэканструкцыя. Тэатралізаваная дзея стала лагічным працягам мерапрыемстваў на плошчы Цырыманіялаў. У ёй прымалі ўдзел больш за 300 рэканструктараў з розных краін свету, былі нават прадстаўнікі Японіі і Кітая.
Дзея пачалася з карцінкі апошняга мірнага дня, калі ў крэпасці ішлі заняткі па баявой і страявой падрыхтоўцы, побач гулялі дзеці камандзіраў, на пляцоўцы каля казематаў праходзіў канцэрт, пасля яго былі танцы. У парку побач гулялі шчаслівыя выпускнікі, закаханыя пары. А потым — грукатанне снарадаў, свіст куль, крыкі і стогны. З дапамогай фанаграм і артыстаў-рэканструктараў былі паказаны фрагменты артабстрэлу, нямецкай танкавай атакі, а таксама контратакі лічаных абаронцаў, прарыў групы маёра Гаўрылава, здача ў палон раненых, жанчын і дзяцей крэпасці, аплакванне загінулых.
Рэканструкцыя працягвалася каля гадзіны. Паглядзець на адноўленыя падзеі 1941-га года сабралася звыш 15 тысяч гледачоў.
Аўтар: Святлана Яскевiч
Звязда, 22 чэрвеня 2022
Звязда, 22 чэрвеня 2022
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/101/65529
Текущая дата: 18.11.2024