Белорусский портал в Казахстане

Памяць Янкі Купалы ўшануюць на Ваенных могілках у Мінску 28 чэрвеня



Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы запрашае ўшанаваць памяць паэта на "Жальбінах", паведамілі ў музеі.

"У знак памяці народнага паэта, які самааддана служыў адраджэнню незалежнай Беларусі, запрашаем ускласці кветкі на яго магілу, паслухаць вершы-прысвячэнні Янку Купалу ад беларускіх паэтаў, членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі", - сказалі ў літаратурным музеі.

Янка Купала памёр 28 чэрвеня 1942 года ў Маскве. "У нашым музеі захоўваецца паведамленне аб тым, што ў гэты дзень у 22.30 "упаў у лесвічны пралёт і разбіўся насмерць народны паэт Беларусі Янка Купала". Пахаванне прайшло 1 ліпеня 1942 года ў Маскве. У 1962 годзе прах паэта перапахавалі на Ваенных могілках у Мінску", - расказалі ў музеі Янкі Купалы.

"Сучаснікі Янкі Купалы, якім пашанцавала сябраваць з паэтам, захавалі пра яго самую светлую памяць. Для ўсіх наступных пакаленняў жыве слова песняра, поўнае любові да Айчыны і беларускага народа", - дадалі ва ўстанове культуры.

"Жальбіны" пройдуць 28 чэрвеня на Ваенных могілках. Пачатак у 16.00.

27 чэрвеня 2022, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/101/65538
Текущая дата: 18.11.2024