Белорусский портал в Казахстане

Тыдзень моладзі і студэнцтва стартаваў у Беларусі



Аб гэтым паведаміла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і моладзевай палітыкі - начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Таццяна Сіманоўская на прэс-канферэнцыі "З моладдзю на роўных".

У Беларусі стартаваў тыдзень моладзі і студэнцтва, у гэтым годзе ён пройдзе пад слоганам "Moladz.by: памятаем традыцыі, жывём сучасным, імкнёмся ў будучыню!".

Тыдзень моладзі і студэнцтва прадоўжыцца з 20 па 26 чэрвеня і будзе заключацца ў тэматычных мерапрыемствах кожнага дня.

"Тыдзень моладзі і студэнцтва вельмі насычаны. Першы дзень азнаменаваны сустрэчамі, дыялогавымі пляцоўкамі для таго, каб прадстаўнікі моладзі маглі сустрэцца з прадстаўнікамі дзяржорганаў улады, дэпутатамі, вядомымі вучонымі, літаратарамі і абмеркаваць тыя пытанні, якія цяпер на парадку дня. Канцэпцыя дня моладзі і студэнцтва створана так, што дае магчымасць заявіць пра сябе па розных напрамках дзейнасці: гэта і патрыятычнае выхаванне, і здаровы лад жыцця, і працоўная дзейнасць, валанцёрскі рух, пытанні сям`і, развіцця навукі, што цяпер найбольш актуальна і цікава для нашых маладых людзей", - расказала Таццяна Сіманоўская.

Яна адзначыла, што моладзь у Беларусі сёння не абдзелена ўвагай. "Кіраўнік дзяржавы, урад, дзяржорганы з увагай адносяцца да нашай моладзі, да хлопцаў і дзяўчат узроставай катэгорыі ад 14 да 31 года. Гэта каля 1 млн 163 тыс. чалавек, якія задзейнічаны ў розных галінах эканомікі. Вельмі прыемна, што наша моладзь ініцыятыўная, што яна гатова генерыраваць ідэі і гатова іх сама рэалізоўваць. А магчымасці ў Беларусі для моладзі вельмі разнастайныя. Гэта і работа ў грамадска-кансультацыйных саветах, у маладзёжных парламентах, удзел і дзейнасць праз моладзевыя і грамадскія аб`яднанні, добраахвотніцтва - яшчэ адзін напрамак, у якім актыўна ўдзельнічае наша моладзь. Спадзяюся, што ініцыятыва не знікне, а будзе садзейнічаць таму, што наша краіна будзе далей эканамічна ўмацоўвацца і сацыяльна развівацца", - падкрэсліла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення.

Завершыцца тыдзень моладзі і студэнцтва 26 чэрвеня. На пляцоўцы каля Палаца спорту ў заключны дзень адбудзецца кульмінацыйнае мерапрыемства - фестываль "Moladz.by: памятаем традыцыі, жывём сучасным, імкнёмся ў будучыню!" з удзелам зорак беларускай эстрады, кавер-бэнда, дыджэяў і расійскага хэдлайнера Filatov&Karas.

20 чэрвеня 2022, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/102/65505
Текущая дата: 18.11.2024