Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін азнаёміўся з ходам рэканструкцыі мемарыяла "Партызанская крынічка" пад Гомелем.
Міністр абароны наведаў мемарыяльны комплекс "Партызанская крынічка" ў Гомельскім раёне, дзе завяршаецца рэканструкцыя. Паездка адбылася напярэдадні Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа.
Маштабная рэканструкцыя на месцы базіравання партызанскага атрада "Бальшавік" выйшла на фінішную прамую. Па праекце на аб`екце адноўлены рэаліі жыцця і быту партызанскага атрада. На тэрыторыі размясцілі партызанскую штабную, медыцынскую зямлянкі, зямлянкі сувязіста і для асабовага складу. Прадугледжаны склад прадуктаў харчавання, лясная школа, а таксама месца для правядзення стылізаваных рэканструкцый ваенных дзеянняў. Гатовы і 20-мінутны фільм аб партызанскім руху ў вобласці.
Міністр абароны з цікавасцю вывучыў усе лакацыі і гісторыю гэтага месца.
"Для нас важна зрабіць усё так, каб не забывалася. Паколькі гэтыя месцы захоўваюць рэальную праўду аб Вялікай Айчыннай вайне", - падкрэсліў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко.
Паводле слоў начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Дзяніса Язерскага, гэта месца сімвалічна і для вобласці, і для ўсёй краіны: "Гэтым важна і трэба займацца. І мы прадоўжым работу".
Да мемарыяльнага комплексу пракладзена новая дарога. Як растлумачыў намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Андрэй Бараноўскі, пры добраўпарадкаванні дарогі стараліся максімальна захаваць лясны масіў, таму маршрут крыху звілісты.
Партызанскі атрад "Бальшавік" з`явіўся ў жніўні 1941 года ў час абарончых баёў за Гомель. Яго байцы арганізоўвалі дыверсіі на чыгунках і асноўных аўтамагістралях. Разам з часцямі Чырвонай арміі яны ўдзельнічалі ў вызваленчай аперацыі "Баграціён". Штогод на месцы дыслакацыі атрада сустракаюцца прадстаўнікі розных пакаленняў, успамінаюць мінулае, дзякуюць за Перамогу і мірнае неба над галавой.
7 чэрвеня 2022, Гомель
БЕЛТА
7 чэрвеня 2022, Гомель
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/103/65318
Текущая дата: 18.11.2024