Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі ні адно дзіця не застаецца без увагі



Аб гэтым заявіў намеснік прэм`ер-міністра Ігар Петрышэнка ў час наведвання Дома дзіцяці нумар 1 у Мінску.

"У нас у краіне ні адно дзіця не застаецца без увагі. Гэта дакладна выбудаваная лінія дзяржавы па сацыяльнай падтрымцы сем`яў і дзяцей. Дзецям развіваць у далейшым нашу краіну, жыць на гэтай зямлі, дзеці для нас галоўнае", - сказаў Ігар Петрышэнка.

Паводле яго слоў, пятая частка насельніцтва Беларусі - дзеці. На 1 тыс. хлопчыкаў прыпадае 949 дзяўчынак.

"Краіна забяспечвае неабходныя ўмовы, каб ствараліся моцныя сем`і. Расце колькасць шматдзетных сем`яў. Створана неабходная сістэма, каб дзеці маглі рэалізаваць свой патэнцыял. Амаль 1,5 млн дзяцей займаюцца фізкультурай і спортам, 115 тыс. - рознымі відамі творчасці", - адзначыў віцэ-прэм`ер.

Ён таксама звярнуў увагу на тое, што каля 89 працэнтаў дзяцей ад года да пяці гадоў маюць магчымасць наведваць дзіцячы сад. "Гэта вельмі значны працэнт і важны складнік падрыхтоўкі дзяцей да школы", - дадаў Ігар Петрышэнка.

Сярод мер дзяржпадтрымкі - дапамога пры нараджэнні дзіцяці, сямейны капітал. Для шматдзетных сем`яў, сем`яў, у якіх ёсць дзеці з інваліднасцю, прадугледжаны шэраг ільгот.

"Для нас вельмі важна, каб у кожнага дзіцяці ў нашай краіне было шчаслівае дзяцінства. Дзеці, якія трапляюць у складаную жыццёвую сітуацыю, акружаны клопатам дзяржавы. Пад непасрэднай увагай знаходзяцца больш за 16 тыс. дзяцей. 88 працэнтаў з іх - у сем`ях, дамах сямейнага тыпу. У нас за апошнія пяць гадоў з 30 інтэрнатаў засталося ўсяго толькі 12. 2,7 тыс. дзяцей выхоўваліся ў дамах-інтэрнатах, а засталіся там усяго толькі 643. Лінія дзяржавы - кожнае дзіця павінна знайсці сям`ю", - падкрэсліў віцэ-прэм`ер.

Сёння Ігар Петрышэнка пабываў у Доме дзіцяці нумар 1 у Мінску, наведаў дзіцячыя групы і палаты паліятыўнай дапамогі. Установе быў уручаны сертыфікат на неабходнае абсталяванне.

Дом дзіцяці нумар 1 для дзяцей з арганічным пашкоджаннем цэнтральнай нервовай сістэмы і псіхікі - старэйшая ўстанова горада. Паводле архіўных звестак, яна функцыянавала ў 1895 годзе. Магутнасць змянялася ў залежнасці ад патрэбнасці горада ад 65 да 160 ложка-месцаў. Сюды на дзяржаўнае забеспячэнне размяшчаюцца дзеці-сіроты, дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў або тыя, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, ва ўзросце да 3 гадоў, для аказання паліятыўнай дапамогі - дзеці-інваліды да 7 гадоў уключна, а якія знаходзяцца на працяглай рэспіраторнай падтрымцы - да 18 гадоў.

Планавая магутнасць складае 65 ложкаў, ва ўстанове знаходзіцца 46 дзяцей. Функцыянуюць чатыры групы, тры палаты паліятыўнай дапамогі, адна палата медыка-сацыяльнай дапамогі, ёсць каранцінная група. Створаны ўсе ўмовы для ўтрымання, выхавання, догляду, лячэння і рэабілітацыі маленькіх пацыентаў. У прыярытэце ўстановы - уладкаванне дзяцей у сем`і.

1 чэрвеня 2022, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/104/65250
Текущая дата: 18.11.2024