Белорусский портал в Казахстане

У Лагойску адкрылі помнік Іосіфу Камінскаму — адзінаму даросламу жыхару вёскі Хатынь, які выжыў



У Лагойску, на старых гарадскіх могілках адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка Іосіфу Камінскаму — адзінаму даросламу жыхару вёскі Хатынь, які выжыў у дзень трагедыі 22 сакавіка 1943 года, вясковаму кавалю.

Многія ведаюць, што Іосіф Камінскі стаў прататыпам вобраза «Няскоранага чалавека», увасобленага ў метале і ўсталяванага ў мемарыяльным комплексе «Хатынь». Наогул, імя гэтага легендарнага беларускага селяніна вядома далёка за межамі нашай краіны — ён стаў сімвалам усіх нявінна забітых, спаленых і закатаваных мірных жыхароў нямецкімі акупантамі ў час вайны. 

Іосіф Камінскі пасля вайны жыў у вёсцы Казыры, памёр ва ўзросце 86 год, пахаваны ў Лагойску. Стары помнік, пастаўлены другой жонкай, з часам займеў не самы добры выгляд, таму, па ініцыятыве РУП «Белмытнясервіс» у год гістарычнай памяці ў рамках мерапрыемстваў па захаванню гістарычнай праўды і ўвекавечанню памяці героеў і ахвяр вайны, было вырашана організаваць упарадкаванне магілы Іосіфа Камінскага. Праект быў падтрыманы і ўхвалены Лагойскім райвыканкамам. Фінансавую падтрымку праекта зрабіла прадрыемства «Белмытнясервіс» ,спецыялістамі кампаніі была разпрацавана канцэпцыя і ўсталяванне помніка. На чорным мармуры помніка напісаны простыя словы самога Іосіфа: «Не дай Бог нікому, хто жыве на зямлі, каб не бачылі і не чулі гора такога».

На мерапрыемстве прысутнічалі дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Сяргей Клішэвіч, старшыня Лагойскага райвыканкама Аляксандр Ласевіч, генеральны дырэктар РУП «Белмытнясервіс» Вадзім Бабарыкін і ўсе кіраўнікі філіялаў гэтага прадпрыемства. Удзельнікі акцыі пасля памятнага мітынга ўсклалі кветкі на магілу няскоранага хатынца. 

Аўтар: Анатоль Кляшчук
Звязда, 14 траўня 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/106/64965
Текущая дата: 18.11.2024