Увечары 3 мая ў Мінску на 88-м годзе жыцця адышоў у вечнасць Станіслаў Шушкевіч, вядомы беларускі вучоны, палітычны і грамадскі дзеяч.
Станіслаў Шушкевіч нарадзіўся 15 снежня 1934 года ў Мінску. Быў сынам беларускага пісьменніка Станіслава Шушкевіча, рэпрэсаванага савецкімі ўладамі.
Пасля школы скончыў фізіка-матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, паступіў у аспірантуру Інстытута фізікі Акадэміі навук БССР. У 1963 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па фізіка-матэматычных навуках, працаваў дацэнтам кафедры ядзернай фізікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прарэктарам па навуковай рабоце Мінскага радыётэхнічнага інстытута. У 1970 годзе абараніў доктарскую дысертацыю, працаваў загадчыкам кафедры ядзернай фізікі БДУ. У 1972 годзе атрымаў званне прафесара, у 1982 годзе — званне заслужанага дзеяча навукі і тэхнікі БССР. У 1991 годзе быў абраны членам-карэспандэнтам Акадэміі навук Беларусі.
Займаў актыўную грамадскую пазіцыю і ўдзельнічаў у палітычным жыцці. З 1989 года быў народным дэпутатам СССР, з 1990 — народным дэпутатам БССР. 18 кастрычніка 1991 года Станіслаў Шушкевіч быў абраны старшынёй Вярхоўнага Савету і стаў фактычна першым лідарам незалежнай Беларусі, якая ў той час была парламенцкай рэспублікай.
Прычыніўся да вяртання вернікам каталіцкіх святынь, у тым ліку катэдральнага касцёла Найсвяцейшага імя Марыі і касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвонага касцёла) ў Мінску.
Вечны адпачынак дай яму, Пане…
Catholic.by, 4 траўня 2022
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/108/64769
Текущая дата: 18.11.2024