Нацыянальны гістарычны музей Беларусі сумесна з Музеем сучаснай гісторыі Расіі напярэдадні Дня Перамогі прадставілі віртуальны праект «Рэха мінулай вайны».
Прадстаўленыя на выставе графічныя работы са збору Музея сучаснай гісторыі Расіі створаны непасрэдна ў ваенны час і з’яўляюцца свайго роду мастацкім сведчаннем тых гадоў, адлюстроўваючы самыя змрочныя і самыя гераічныя старонкі Вялікай Айчыннай вайны: абарону Масквы, блакаду Ленінграда, Сталінградскую бітву, бітва на Курскай дузе і нарэшце — ўзяцце Берліна. Гэта была таксама барацьба з ворагам – толькі сродкамі мастацтва.
На выставе выкарыстаны фатаграфіі часоў Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг., а таксама вершы савецкіх і расійскіх паэтаў Сяргея Акраняна, Вольгі Бергольц, Барыса Вахціна, Булата Акуджавы, Канстанціна Сіманава, фрагменты песень і прыпевак.
«Мастакі і літаратары — якія ўжо адбыліся і якія толькі пачыналі свой творчы шлях – працавалі ў франтавых выданнях, змагаліся ў партызанскіх атрадах, ваявалі на перадавой, працавалі ў імя будучай перамогі ў абложаных гарадах. Мастацкае майстэрства ў спалучэнні з дакументальнай пэўнасцю – вось што надае стрыманаму графічнаму мастацтву магутнае эмацыйнае гучанне. І хай зброяй мастакоў былі толькі пэндзаль і аловак, але іх мастацтва таксама набліжала перамогу», – адзначаецца ў паведамленні Нацыянальнага гістарычнага музея.
Віртуальную выставу можна паглядзець на афіцыйным сайце Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі. Праект будзе працаваць да 4 ліпеня.
Звязда, 6 траўня 2022
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/108/64770
Текущая дата: 18.11.2024