Дзень Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь святкуюць сёння ў нашай краіне.
Устаноўлена гэта свята ўказам Прэзідэнта Беларусі ў 1995 годзе і адзначаецца ў другую нядзелю мая. У адпаведнасці з артыкулам 19 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь сімваламі нашай краіны як суверэннай дзяржавы з`яўляюцца Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн.
Эталон герба і Палажэнне аб сцягу зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 чэрвеня 1995 года па выніках праведзенага 14 мая 1995 года рэспубліканскага рэферэндуму, адным з пытанняў якога было ўстанаўленне дзяржаўнай сімволікі.
5 ліпеня 2004 года быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь "Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь", які накіраваны на прававое рэгуляванне пытанняў дзяржаўных сімвалаў Беларусі, устаноўленых Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, і вызначае апісанне і парадак іх выкарыстання.
Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой зялёны контур краіны, накладзены на залатыя промні ўзыходзячага над зямным шарам сонца. Вышэй, над контурам, размешчана пяціканцовая чырвоная зорка. Герб абрамлены вянком з залатых жытніх каласоў, пераплеценых справа кветкамі канюшыны, а злева - лёну. Каласы абвіты чырвона-зялёнай стужкай, на якой унізе змешчаны надпіс золатам "Рэспублiка Беларусь". Гэта выява на гербе ўвасабляе лепшыя якасці беларускага народа - працавітасць, імкненне да свабоды і патрыятызм.
Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча, якое складаецца з дзвюх гарызантальна размешчаных каляровых палос чырвонага і зялёнага колеру. Ля дрэўка вертыкальна размешчаны беларускі нацыянальны арнамент чырвонага колеру на белым полі. Чырвоны колер на сцягу - гэта колер сцягоў Чырвонай Арміі і беларускіх партызан, якія вызвалілі родную зямлю ад фашысцкіх захопнікаў. Зялёны колер - колер лясоў і палёў, сімвал вясны, надзеі і адраджэння. Белы колер арнаменту адлюстроўвае духоўную чысціню беларусаў. Сцяг мацуецца на дрэўку, афарбаваным у залацісты колер.
Такім чынам, герб і сцяг Рэспублікі Беларусь з дапамогай простых і зразумелых сродкаў адлюстроўваюць патрыятычныя, гістарычныя і культурныя традыцыі краіны, характар народа, яго духоўны патэнцыял. Яны надзелены яркімі рысамі і лёгка пазнаюцца сярод усіх дзяржаўных сімвалаў сусветнага супольніцтва.
Дзяржаўныя сімвалы - герб і сцяг Беларусі - гэта гісторыя і будучыня беларускай дзяржавы, увасабленне ідэі нацыянальнай еднасці, важнейшыя атрыбуты суверэнітэту і незалежнасці Айчыны.
У Беларусі ёсць плошча Дзяржаўнага сцяга, размешчаная на перасячэнні праспекта Пераможцаў і вуліцы Арлоўскай у Мінску. Яе ўрачыстае адкрыццё адбылося 2 ліпеня 2013 года. Плошча ўяўляе сабой круг радыусам 50 м з гранітным пастаментам у цэнтры, на якім размешчаны флагшток з дзяржаўным сцягам. Уздоўж пешаходнай дарожкі размешчаны сем гранітных стэл з гербамі абласцей і Мінска. Сіметрычна з двух бакоў ад лесвіцы размяшчаюцца стэлы з тэкстам Дзяржаўнага гімна і геаграфічнай картай Беларусі.
Сёння на плошчы Дзяржаўнага сцяга адбудзецца ўрачысты рытуал - ушанаванне дзяржаўных сімвалаў.
8 мая 2022, Мінск
БЕЛТА
8 мая 2022, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/108/64804
Текущая дата: 18.11.2024