Белорусский портал в Казахстане

"Пачынаць трэба неадкладна". Лукашэнка даручыў пабудаваць новы музей у "Хатыні" да 80-годдзя трагедыі



Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу "Хатынь" даручыў да 80-годдзя трагедыі пабудаваць тут музей і правесці ўсе неабходныя рэстаўрацыйныя работы.

"Значыць, у наступным годзе 80 гадоў. Усё вылізаць ад Мінска да "Хатыні", пачынаючы ад дарог. Усё будаўніцтва (у мемарыяльным комплексе.) трэба закончыць да гэтага часу", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Як далажыў кіраўніку дзяржавы дырэктар "Хатыні" Артур Зельскі, у мемарыяльным комплексе плануецца капітальны рамонт з мадэрнізацыяй і элементамі рэстаўрацыі. Першая чарга будаўніцтва запланавана на 2022 год. Яна ўключае ачыстку скульптуры "Няскораны чалавек", рамонт п`едэстала, манумента "Дах гумна" і мемарыяла "Вянок памяці", рэстаўрацыю гранітных пліт дарогі "Апошні шлях".

У час другой чаргі будаўніцтва прадугледжваецца адрамантаваць мемарыялы "Могілкі вёсак" і "Дрэвы жыцця", бетонныя агароджы пахаванняў, урны з зямлёй. Работы таксама запланаваны на 2022 год.
Трэцяя чарга прадугледжвае рамонт падсветкі цэнтральнай дарожкі і гукавога афармлення мемарыяла.

У "Хатыні" плануецца пабудаваць новы будынак музея. Згодна з канцэпцыяй гэта будзе аднапавярховы будынак агульнай плошчай 1 тыс. кв.м з кругавым рухам па шасці выставачных залах.

"У маі каб былі пачаты ўсе работы. Да 9 мая мне далажыце тэрміны, планы, хто будзе працаваць, экспертызы, праекты, каштарысы. Я разумею, што мы зможам пабудаваць. Але будзем акуратна аснашчаць яго. Мы павінны да гэтага юбілею зрабіць усё, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Неадкладна пачынайце будаваць музей. Галоўнае - экспазіцыя, якая там будзе. Каб людзі прыйшлі і, перш чым сюды ступіць нагой, каб у іх сэрца ўжо рвала".

Наведваючы мемарыяльны комплекс, Прэзідэнт усклаў кветкі да манумента "Няскораны чалавек" і прыняў удзел у рэспубліканскім суботніку. У "Хатыні" з`явіцца парк гістарычнай памяці, будзе высаджана 149 дрэў - па колькасці загінулых жыхароў вёскі. А каля сімвалічных зрубаў дамоў з`явяцца пладовыя дрэвы і кусты.

16 красавіка 2022, Лагойскі раён
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/110/64613
Текущая дата: 18.11.2024