Белорусский портал в Казахстане

У НАН Беларусі абмеркавалі гісторыю Мінска падчас Магдэбургскага права



Ужо стала добрай традыцыяй кожную вясну збіраць у ратушы збіраць даследчыкаў, якія дзеляцца сакрэтамі з мінулага жыцця горада.

У Год гістарычнай памяці абмяркоўваліся пытанні, звязаныя пераважна з гісторыяй Мінска ў ХVІІ-ХVІІІ стагоддзях падчас дзеяння на беларускіх землях Магдэбургскага права.

Так, навуковы супрацоўнік аддзела спецыяльных гістарычных даследаванняў Інстытута гісторыі НАН Беларусі Надзея Палтаржыцкая распавядала пра ўнікальныя старажытныя крыніцы — магістрацкія кнігі, па якіх можна рэканструяваць гісторыю.

Уласна, гэта збор дакументаў па фінансавых здзелках, продажы ці дарэнні маёмасці, тастаменты (так называлі завяшчанне).Таксама магістрацкія кнігі, якіх захавалася няшмат, дазваляюць даведацца больш, якой была гарадская ўлада ў старажытным Менску (менавіта такая назва зафіксавана ў старых паперах).

Так, па школьных падручніках мы вывучалі, што магістрат складалі рада і лава, але з дакументаў другой паловы ХVІІ стагоддзя вынікае, што такога падзелу на той час ужо не было. Войт быў прадстаўніком княжацкай улады, у горадзе з`яўляўся не так часта. Пытанні кіравання горадам вырашалі бурмістр, прадстаўнікі мяшчан, быў і інстытут так званых мужоў гмінных. Таму і помнік, які сёння стаіць каля ратушы, усё ж лепш было рабіць не войту, а бурмістру. Тым больш, часта сярод такіх кіраўнікоў былі асобы яскравыя, харызматычныя, нават гатовыя пацягаць за бараду тых, з кім не пагаджаліся.

Часцей у панядзелак, чацвер і суботу вырашаліся судовыя справы, а ў аўторак, чацвер альбо ў іншы дзень, калі разбор не цярпеў адкладу, — пытанні, якія датычыліся кіравання горадам. Ладзіліся справы і для гасцей (у той час так называлі чалавека, якія ехаў у горад для вырашэння сваёй справы і пры гэтым на дарогу патраціў больш чым адзін дзень). Акрамя таго, пры неабходнасці склікаліся сесіі ў любы дзень, калі трэба было па гарачых слядах раскрываць злачынствы. Першага студзеня збіраліся агульныя пасяджэнні старой і новай рады.

У 1831 годзе Мікалаем І Магдэбургскае права ў горадзе было адменена. А ў 1892 годзе было ўведзена гарадское кіраванне. Выбіраліся гарадская дума (якая зацвярджала гарадскі бюджэт), управа і гарадскі галава. У выбарах па Мінску браў удзел не больш за адзін працэнт гараджан (пры гэтым на канец ХІХ стагоддзя насельніцтва Мінска было каля 100 тысяч чалавек). Але гэта былі найбольш багатыя, адукаваныя і, адпаведна, зацікаўленыя ў развіцці тэрыторый асобы.

Каб мець гарадское выбарчае права, трэба было праходзіць маёмасны цэнз (быць гаспадаром уласнага ці даходнага дома, сядзібы ці прадпрыемства). Натуральна, чалавек, які меў бізнес, мог мець дачыненне і да гарадскіх спраў. Гаспадарам дамоў і прадпрыемстваў было важна, каб вуліцы брукаваліся, развівалася камунальная гаспадарка, было асвятленне, вадаправод.

Дарэчы, ужо ў той час меліся лічыльнікі — колькасць спажытай вады лічылася ў вёдрах. Даходы з электрастанцыі ішлі ў гарадскі бюджэт. Рашэнне аб тым, што ў Мінску павінен быць грамадскі транспарт (конка), вырашала сама гарадская дума.

На мяжы ХІХ—ХХ стагоддзя ў гарадскі бюджэт паступалі падаткі за нерухомасць, зборы з гандлёвых здзелак. Існавалі і ўнутраныя гарадскія падаткі — адзін з іх быў, напрыклад, з гаспадароў сабак, другі — з тых, хто валодаў коньмі. Былі зборы і з уладальнікаў ровараў (на апошнія нават змяшчалі нумарныя знакі). Вялікія даходы прыносілі камунальныя прадпрыемствы.

Часам у гісторыі можна шукаць падказкі. Спецыяліст па гістарычнай урбаністыцы, пастаянны ўдзельнік сустрэч у ратушы Андрэй Кіштымаў упэўнены, што Магдэбургскае права значна паўплывала на далейшае развіццё нашых тэрыторый. Менавіта з ім звязаны выразны падзел на сялян і гараджан, калі статус апошніх пачаў лічыцца прэстыжным. І цяга людзей да гарадоў, якая і сёння выяўляецца ва ўрбанізацыі, паходзіць менавіта з тых часоў.

Аўтар: Алена Дзядзюля
Звязда, 28 сакавіка 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/112/64321
Текущая дата: 18.11.2024