Белорусский портал в Казахстане

«Звяздоўскія» кнігі ў цэнтры ўвагі. Што нам паказала ХХІХ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш



Выстава скончыла сваю работу 27 сакавіка.

На пяць дзён выставачны цэнтр «БелЭкспа» стаў пляцоўкай для сутрэч кнігавыдаўцоў, пісьменнікаў і чытачоў. Адбываліся шматлікія прэзентацыі навінак кніжнага рынку, прайшоў сімпозіум літаратараў, былі адзначаны юбілейныя даты беларускай літаратуры — 140-годдзе з дня нараджэння класікаў Якуба Коласа і Янкі Купалы.

Выдавецтва «Мастацкая літаратура» адсвяткавала сваё 50-годдзе, а Нацыянальная бібліятэка Беларусі, якая адзначае 100 гадоў свайго заснавання, распавяла аб выніках дзейнасці.

Не застаўся ў баку і Выдавецкі дом «Звязда», які правёў шмат аўтограф-сесій і прэзентацый. Наша выдавецтва ахапіла ўсе ўзроставыя катэгорыі — знайсці кнігі на ўласны густ маглі як маленькія чытачы, так і дарослыя з розных прафесійных сфер.

Пералічваць усе акцыі форуму прыйдзецца доўга, таму «Звязда» сабрала найбольш яскравыя моманты кніжнай выстаўкі-кірмашу. Аб выніках мерапрыемства чытайце ў нашым матэрыяле.

Тэндэнцыі айчыннай літаратуры

Падчас урачыстага закрыцця ХХІХ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі засяродзіў увагу на тым, што сёлета было выдадзена больш кніг, у тым ліку на беларускай мове, чым летась. Сярод выданняў, якія карыстаюцца найбольшым попытам у пакупнікоў, ён назваў дзіцячую, адукацыйную і навуковую літаратуру.

Безумоўна, такая тэндэнцыя не можа не радаваць. Але хацелася б, каб і мастацкая літаратура не траціла сваёй папулярнасці ў чытачоў. Падчас прэзентацый супрацоўнікі кніжных крам адзначалі, што проза яшчэ прадаецца, а вось кнігі паэзіі амаль не карыстаюцца попытам. Аб дадзенай праблеме разважаюць і самі пісьменнікі, і кнігавыдаўцы. Спадзяёмся, што выстаўкі-кірмашы накшталт той, што адбылася ў «БелЭкспа», паспрыяюць развіццю ўсіх галін выдавецкай дзейнасці.

Конкурс стартапаў «ЛітUР»

У межах форуму другі год запар праводзіцца рэспубліканскі конкурс літаратурных стартапаў. Міністэрства інфармацыі і айчынныя кнігавыдавецтвы, прааналізаваўшы вынікі мінулага «ЛітUРа», вырашылі правесці яго і сёлета. Мэта стартапа — падтрымаць маладых пісьменнікаў і дапамагчы выдавецтвам знайсці новыя імёны.

Падчас пітчынгу аўтары павінны пазнаёміць аўдыторыю з уласнай ідэяй, распавесці аб будучай кнізе як мага больш яскрава. Удзельнікі паказваюць прэзентацыі, малюнкі, зачытваюць фрагменты з рукапісаў. А некаторыя нават спяваюць песні. Такім чынам, на конкурс было пададзена больш за 200 заявак. Да фіналу дайшлі 12 аўтараў.

Выдавецкі дом «Звязда» заўсёды з радасцю прымае новых творцаў. Сёлета наша выдавецтва абрала трох аўтараў, праекты якіх убачаць свет. Гэта Міхась Пазнякоў — падчас абвяшчэння пераможцаў пісьменнік пахваліўся, што кніга прозы «Голас» будзе ў яго ажно 109-й! Надрукуюць гісторыю Марыны Петрашкевіч пра дамавіка Сеню, а таксама кнігу казак Вікторыі Карась.

Выдавецтва «Мастацкая літаратура» абрала двух пераможцаў. Галіну Пярун з аповесцю «Закаханы скідзень» — у ёй аўтарка распавядае містычную гісторыю кахання падлеткаў. А таксама рукапіс Алесі Прыходзькі «Хлюпік і яго сябар Нюня».

Выдавецтва «Беларусь» вырашыла, што дасць дарогу двум аўтарам. Гэта 15-гадовы Ілья Набздораў з кнігай «Трэйдынг і іншыя цуды», якая навучыць чытачоў зарабляць грошы, не выходзячы з дому, і Наталля Адарчэнка, якая актыўна прасоўвала свае гісторыі праз «Інстаграм».

Выдавецтва «Народная асвета» адзначыла чатырох пераможцаў. Сярод іх Алена Курэк, Вікторыя Пажыток і Ірына Бараўская, якая разам са сваім мужам распрацавала выданне, што дапамагае дзеткам развіваць прасторавае мысленне. А таксама 10-гадовая Вікторыя Смалко, якая ўжо паспела выдаць адну кнігу. Гэтым разам «Народная асвета» дапаможа дзяўчынцы надрукаваць працяг гісторыі пра хлопчыка Пітэра.

Мастацтва кнігі

У межах выстаўкі-кірмашу былі падведзены вынікі нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі», які ладзіцца ў 61 раз. Удзел у спаборніцтве ўзялі 35 выдавецтваў нашай краіны. У склад журы ўвайшлі прадстаўнікі сфер культуры і мастацтва дзяржаўных устаноў. Узначальваў калегію рэктар Акадэміі мастацтваў Рэспублікі Беларусь, кандыдат мастацтвазнаўства Міхаіл Баразна.

Падчас урачыстага ўзнагароджання пераможцаў Ігар Бузоўскі адзначыў:

— Я ўдзячны ўсім, хто мае дачыненне да гэтай справы, — за ўзаемадзеянне з нашымі паліграфічнымі прадпрыемствамі, з нашымі выдавецтвамі. Гэта канкурэнтнае асяроддзе, у якім здзяйсняецца пошук формы таго выяўленчага мастацтва, якое ў далейшым павінна прывесці да выдатнага, паўнавартаснага твора. Як удзельнік адбору я скажу, што працэс ацэньвання вельмі складаны — часам мы можам не пагаджацца адзін з адным. Але мы заўсёды падкрэсліваем: названыя пераможцы — гэта чарговая прыступка на шляху ўдасканалення. Вынікі гэтай работы мы сёння і бачым.

Галоўнаму пераможцу конкурсу «Мастацтва кнігі» ўручылі найвышэйшую ўзнагароду — сімвал «Залаты фаліянт» і Ганаровы дыплом імя Францыска Скарыны. Ім стала выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» за кнігу Сяргея Мусіенкі «Гордасць за Беларусь».

Кнігі Выдавецкага дома «Звязда» перамаглі ў некалькіх катэгорыях. Гэта намінацыя «Адзінства» за выданне Уладзіміра Ліхадзедава «17 Верасня. Дзень народнага адзінства». Найвышэйшая ўзнагарода дасталася «Звяздзе» і ў намінацыі «За ўклад і захаванне гісторыка-культурнай спадчыны» за кнігу «Сустрэчы. Янка Купала». Найлепшым наша выдавецтва стала і ў спецыяльнай намінацыі «Садружнасць» за альбом «Подзвіг савецкага народа бессмяротны».

Зборнік твораў Алеся Бадака «Ідэальны чытач» атрымаў дыплом І-й ступені ў намінацыі «Літфармат».

Спецыяльным прызам адзначылі кнігу «Нязломны», прысвечаную жыццю спартсмена-паралімпійца Аляксея Талая. Над выданнем працавала аглядальнік газеты «Звязда» Валерыя Сцяцко.

Выдавецтва «Беларусь» таксама атрымала некалькі перамог — у намінацыі «У люстэрку часу» за кнігу «Гонар маем!», якая прысвечана Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, а таксама ў намінацыі «Беларусь памятае» за выданне «Яны былі першымі». Кніга распавядае аб дэпутатах Вярхоўнага Савета БССР першага склікання. Дыпломам найвышэйшай ступені адзначылі выдавецтва і ў катэгорыі «Духоўнасць» — пераможцам стала кніга «Беларускі буквар у нацыянальнай і сусветнай прасторы». І яшчэ адна перамога — у намінацыі «Арт-кніга» за выданне «Літ-арт. Знакі беларускага алфавіта».

Выдавецтва «Мастацкая літаратура» стала найлепшым у намінацыі «Літфармат», дыпломам вышэйшай ступені адзначылі серыю кніг «Народная бібліятэка».

«Народная асвета» перамагла адразу ў дзвюх намінацыях. Адзначаныя ў намінацыі «Навука і веды» выданні, прысвечаныя расказам аб раслінах і жывёлінах Чырвонай кнігі, а таксама ў намінацыі «Падручнік новага стагоддзя», прызнаныя найлепшымі дапаможнікамі па біялогіі на рускай і беларускай мове для навучэнцаў 11-х класаў.

Найлепшым ілюстратарам кнігі прызналі Лізавету Пастушэнку за яе работы ў кнізе «Жоўты бусел», якая ўбачыла свет у выдавецтве «Народная асвета». А найлепшым дызайнерам стаў Міхаіл Дайлідаў за серыю кніг «Народная бібліятэка» выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Налета міжнародную выстаўку-кірмаш чакае юбілей — форум правядуць у 30-ы раз. Спадзяемся, што кнігавыдаўцы і пісьменнікі прадставяць яшчэ больш якаснай і цікавай літаратуры. Ну а пакуль можна засведчыць: ХХІХ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш адпрацавала паспяхова!

«Звяздоўскія» кнігі на выстаўцы-кірмашы

На выстаўцы Выдавецкі дом «Звязда» падзяліўся з наведвальнікамі вынікамі сваёй работы за мінулы год. Былі праведзены прэзентацыі новых выданняў — Кацярына Хадасевіч-Лісавая распавяла маленькім чытачам аб кнізе казак «Сакрэты аднаго каралеўства».

Адметна, што аўтар заўсёды стварае невялікае шоу, якое нязменна прыцягвае ўвагу дзяцей. Пісьменніца ператвараецца ў казачных гераінь сваіх твораў — Шахматную каралеву і Белую Паганку. Расказваць аб кнігах дамагаюць і лялькі, створаныя па ўласным заказе Кацярыны Хадасевіч-Лісавой.

Выдавецкі дом «Звязда» аддае вялікую ўвагу менавіта дзіцячай літаратуры — кнігі робяць невялікімі, але з яскравымі малюнкамі, каб дзецям было лягчэй успрымаць інфармацыю. Добры прыклад — новы зборнік вершаў Міхася Пазнякова «Канцэрт», выданне ўпрыгожана работамі мастачкі Дар`і Чарняўскай. Пазнаёміцца з кнігай і аўтарам можна было падчас прэзентацыі, якая адбылася ў межах выстаўкі-кірмашу.

Не забываецца наша выдавецтва і аб аўдыторыі, якая цікавацца мастацтвам. Так, на выстаўку завітаў знакаміты харэограф, народны артыст СССР і Беларусі Валянцін Елізар`еў. Менавіта ён стаў героем новай кнігі «Феномен Валянціна Елізар`ева». Падчас сустрэчы прыхільнікі творчасці балетмайстра атрымалі аўтографы, а таксама даведаліся аб гісторыі стварэння кнігі. На старонках біяграфічнага выдання паўсталі інтэрв`ю з сусветнымі зоркамі балета — Радзівонам Шчэдрыным і Міхаілам Барышнікавым.

Аўтар: Арына Карповіч
Звязда, 28 сакавіка 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/112/64333
Текущая дата: 18.11.2024