Роўна 79 гадоў таму нацысты і іх памагатыя знішчылі мірную вёску Хатынь, зажыва спалілі яе жыхароў. У агні загінулі 149 чалавек — 74 дарослых і 75 дзяцей. Самай маленькай ахвяры фашысцкай расправы было ўсяго сем тыдняў…
Сёння ў мемарыяльным комплексе было надзвычай шматлюдна. Каб пакланіцца гэтай святой зямлі і ўскласці кветкі да мемарыяла смутку і народнай памяці, прыехалі дзясяткі тысяч людзей. Дэлегацыі дзяржаўных органаў улады, арганізацый, прадстаўнікі кожнага раёна Беларусі, сярод якіх нямала моладзі, працягваюць прыбываць у Хатынь.
— Мемарыяльны комплекс «Хатынь» — даніна памяці кожнаму трэцяму беларусу, які загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны, — адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка. — Сёння ўсё, што звязана з Хатынню і тысячамі такіх вёсак, актуальнае як ніколі: не толькі для жыхароў нашай краіны, але і тых гасцей, якія прыязджаюць да нас. Здавалася, нашы бацькі знішчылі фашызм у 1945-м, аднак аказваецца, што зерне нацызму ёсць і сёння. Мы выразна гэта бачым і на прыкладзе нашай суседкі Украіны, і ў Прыбалтыцы, і ў іншых краінах. Нам трэба гэтую памяць пераносіць з пакалення ў пакаленне, каб не дапусціць саспявання падобнага на сваёй зямлі: увекавечваць памяць герояў, выхоўваць моладзь і недапусціць падзей Вялікай Айчыннай вайны.
Па перакананні намесніка прэм’ер-міністра Ігара Петрышэнкі, кожны чалавек, які знаходзіцца тут, яшчэ на працягу доўгага перыяду будзе ўспамінаць аб тых трагічных падзеях, якія былі на нашай зямлі, людзях, якія схілілі свае галовы, каб мы маглі радавацца жыццю, развіваць краіну, вучыцца, тварыць, працаваць, паказваць спартыўныя дасягненні. Па яго словах, аб’яўлены Кіраўніком дзяржавы Год гістарычнай памяці асабліва важны для нашай моладзі: каб больш падобнае не паўтарылася.
— Мы перажываем вельмі няпросты час — час інфармацыйнага тэрарызму і войн, — заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка. — Сёння наша галоўная задача — недапусціць, каб у нас паўтарылася такая трагедыя, якая адбылася ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў Хатыні, і не толькі тут.
Па словах дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Аляксандра Вальфовіча, Хатынь — гэта вечны сімвал пакут і мужнасці беларусаў, усяго шматнацыянальнага народа, які жыў і жыве сёння на тэрыторыі нашай дзяржавы. «Сёння некаторыя палітычныя кіраўнікі Захаду і Злучаных Штатаў Амерыкі імкнуцца сказіць гістарычныя факты, і гэта пачалося не ўчора, а робіцца вельмі даўно, пачынаючы з распаду Савецкага Саюза, — заўважыў дзяржсакратар. — Прыкладам гэтаму з’яўляецца наша брацкая Украіна. Забыліся на тэрыторыі калектыўнага Захаду, што менавіта савецкі салдат вызваліў Еўропу ад карычневай чумы, фашызму. Акурат у Беларусі ўсё робіцца дзеля таго, каб аб гэтым ніколі не забываліся».
— Жыхары беларускай зямлі заўсёды на працягу вайны былі на пярэднім краі барацьбы з фашызмам і ўнеслі вельмі важкі ўклад у нашу агульную Перамогу, — падкрэсліў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Барыс Грызлоў. — Мы павінны памятаць іх імёны, у сваім сэрцы запомніць тых, хто аддаў сваё жыццё за тое, каб будучыя пакаленні жылі пад мірным, яркім, сонечным небам. Касцяк таго карнага атрада складалі нацысты з Кіева і заходніх абласцей Украіны. Яны апрануліся ў нацысцкую форму, прысягнулі Гітлеру і прыводзілі ў жыццё ідэі Бандэры і Шухевіча. На жаль, ва Украіне зноў узышлі парасткі фашызму. Іх трэба выкарчоўваць. Расійскія Узброеныя Сілы цяпер праводзяць спецыяльную ваенную аперацыю для таго, каб абараніць людзей, ажыццявіць дэмілітарызацыю і дэнацыфікацыю Украіны. Мы, брацкія народы, супольна атрымалі Перамогу над фашызмам у ΧΧ стагоддзі. Цяпер, у ΧΧΙ стагоддзі, мы таксама атрымаем Перамогу.
Да слова, у наступным годзе на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу разгорнецца маштабная будоўля. У Хатыні з’явіцца новы музей, які пры дапамозе сучасных тэхналогій зможа данесці ўсю праўду аб хатынскай трагедыі, а таксама ў цэлым аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны да новага пакалення беларусаў. У цяперашні час распрацоўваецца праект капітальнага рамонту манументальных збудаванняў на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу.
Аўтар: Вераніка Канюта
Звязда, 22 сакавіка 2022
Звязда, 22 сакавіка 2022
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/113/64176
Текущая дата: 18.11.2024