Толькі ў Магілёўскім раёне падчас Вялікай Айчыннай вайны было спалена разам з жыхарамі сем вёсак, закатавана болей чым двух з паловай тысячы чалавек.
Мемарыяльны комплекс у вёсцы Дубінка, дзе было спалена 186 мірных жыхароў, з’яўляецца агульным месцам смутку па ўсіх, хто загінуў падчас карных аперацый.
— Фашысты пакінулі на Магілёўшчыне шмат чорных месцаў і гэта адно з іх, — падкрэсліў намеснік старшыні Магілёўскага райвыканкама Аляксандр Алекса. — Мы прыходзім сюды, каб аддаць даніну павагі тым людзям, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны ад зверстваў нямецкіх захопнікаў. Вельмі важна захаваць памяць пра гэта на стагоддзі.
Старшыня Магілёўскага райвыканкама Алег Чыкіда адзначыў у сваёй прамове, што памяць аб тых страшных падзеях сёння ўвекавечана на тэрыторыі раёна ў 190 памятных знаках.
— Сёння на тэрыторыі раёна выяўляецца шмат новых, раней невядомых пахаванняў мірных жыхароў, закатаваных падчас вайны, — адзначыў ён. — Па выніках даследаванняў рабочай групы летась пастаўлена на дзяржаўны ўлік сем пахаванняў перыяду Вялікай Айчыннай вайны і восем воінскіх пахаванняў. Важна, што захаванне праўды і гістарычнай памяці пра Вялікую Айчынную вайну, масавым гераізме савецкага народа знайшло сваё адлюстраванне і ў праекце змяненняў і дапаўненняў у Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь і была падтрымана на Рэферэндуме.
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алег Дзячэнка нагадаў, што дэпутаты і сенатары прыклалі шмат намаганняў, каб былі прынятыя тыя законы, якія сёння надзейна абараняюць нас ад любых спроб рэваншызму, рэабілітацыі нацызму, адраджэння фашысцкіх ідэй.
— Бяспамяцтва гэта тое, што дае падставу для нашых ворагаў заяўляць права на нашу краіну, народ, — нагадаў сенатар. — І мы павінны ўвесь час памятаваць, што суверэнітэт і незалежнасць дарагога каштуе.
Удзел у мітынгу ўзялі супрацоўнікі райвыканкама, структурных арганізацый, прадпрыемстваў, сельсаветаў, а таксама моладзь, мясцовыя жыхары і школьнікі.
Нэлі Зігуля, Звязда
Магілёўскі раён, 23 сакавіка 2022
Магілёўскі раён, 23 сакавіка 2022
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/113/64199
Текущая дата: 18.11.2024