На гэтым акцэнтаваў увагу намеснік старшыні праўлення Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Беларускі фонд міру» Уладзімір Восараў на мітынгу ў Азарычах.
Мітынг-рэквіем «Званы памяці», прысвечаны 78-й гадавіне вызвалення вязняў Азарыцкага лагера смерці, адбыўся сёння ў Калінкавіцкім раёне. «78 гадоў прайшло з тых страшных падзей, але памяць аб Вялікай Айчыннай вайне, подзвігу, стойкасці і мужнасці беларускага народа жывая. І яна будзе жыць разам з нашымі дзецьмі, унукам і праўнукамі — у наступных пакаленнях. Гэтая памяць не павінна цьмянець. Яна павінна жыць у кожным горадзе і вёсцы, перадавацца з пакалення ў пакаленне, пераходзіць ад сэрца да сэрца. Вялікая Айчынная вайна, у тым ліку падзеі ў Азарычах, — неаддзельная частка нашага жыцця. Гэта адно з самых трагічных месцаў Беларусі. Тут мы ўсе смуткуем і схіляем галовы», — падкрэсліў Уладзімір Восараў.
Прадстаўнік абласнога аддзялення БФМ пажадаў усім міру. «Няхай над нашай краінай будзе мірнае неба, а кожны новы дзень паспяховым і светлым. А мемарыяльны комплекс „Азарычы“ застанецца для нас вечным напамінам пра тое, як далёка можа завесці агрэсія. Незагойная боль Азарыцкага лагера смерці — сведчанне каштоўнасці і далікатнасці міру», — рэзюмаваў ён.
19 сакавіка 1944 года чырвонаармейцы 65-й арміі пад камандаваннем генерала арміі П.Батава, якая ўваходзіла ў склад 1-га Беларускага фронту, вызвалілі вязняў Азарыцкага лагера смерці — 33 480 чалавек, сярод іх 15 960 дзяцей ва ўзросце да 13 гадоў.
На месцы памяці сёння сабраліся прадстаўнікі кіраўніцтва вобласці, грамадскіх аб’яднанняў, духавенства. Былі і відавочцы, у чыіх вачах і сэрцах адбілася жорсткасць тых падзей.
Звязда, 19 сакавіка 2022
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/114/64084
Текущая дата: 18.11.2024