Аб гэтым заявіў міністр культуры Анатоль Маркевіч падчас юбілейнага канцэрта Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Беларусі імя Г.І. Цітовіча, прысвечанага 70-годдзю калектыву.
«Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Г.І. Цітовіча — сімвал нацыянальнай культуры, душа беларускага народа. Важна, што на працягу 70 гадоў ён дорыць гледачам незабыўныя хвіліны асалоды. У рэпертуарнай скарбонцы калектыву больш за тысячу твораў. Кожны год яна папаўняецца цікавымі вакальна-харэаграфічнымі пастаноўкамі, канцэртнымі праграмамі. Мы разумеем, што аснову выдатнай творчай работы заклалі людзі, якія ў свой час стваралі калектыў — Генадзь Цітовіч і Міхаіл Дрынеўскі. Сваёй работай і талентам яны фарміравалі калектыў», — сказаў Анатоль Маркевіч.
Паводле слоў міністра культуры, сімвалічна, што юбілей легендарнага калектыву адзначаецца ў Год гістарычнай памяці: «Дзякуючы тым самародкам, якія ўслаўляюць нашу культуру, пра нас ведаюць ва ўсім свеце».
«Сёння добрыя традыцыі прадаўжаюцца, таму што хор запатрабаваны не толькі ў межах нашай краіны. Яго ведаюць амаль ва ўсім свеце. Дзякуючы захаванню фальклору, народнай песні, ён нясе самабытнасць. Тым самым захоўваецца наша культурная спадчына. І за гэта вялікі дзякуй калектыву», — сказаў ён на заканчэнне.
Хор імя Г.І.Цітовіча з’яўляецца адным з вядучых беларускіх творчых калектываў. Створаны ў 1952 годзе выдатным дзеячам Нацыянальнай музычнай культуры — фалькларыстам, этнографам, народным артыстам СССР, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР Генадзем Цітовічам. Ужо на ранніх этапах станаўлення калектыву крытыкі, гледачы і слухачы адзначалі высокае выканальніцкае майстэрства хору, навізну і самабытнасць яго рэпертуару.
З 1975 па 2020 год хор узначальваў галоўны дырыжор, народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, прафесар, знаток музычнага фальклору Міхаіл Дрынеўскі.
Высокі прафесійны ўзровень артыстаў хору і шырокі творчы дыяпазон дазваляюць ахопліваць самую разнастайную тэматыку народных твораў. У канцэртных праграмах калектыву гучаць абрадавыя, лірычныя, жартоўныя песні, карагоды і танцы. На рахунку народнага хору — тысячы выступленняў, якія праходзілі не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.
Звязда, 17 сакавіка 2022
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/114/64115
Текущая дата: 18.11.2024