Белорусский портал в Казахстане

У гады ВАВ недалёка ад Брэста гітлераўцы расстралялі выхаванцаў дзіцячага дома



Напэўна, няма сярод беларусаў тых, хто б не ведаў, што такое Хатынь і якое жудаснае злачынства 22 сакавіка 1943 года ўчынілі над мірнымі жыхарамі гэтай лагойскай вёскі фашысты.

На працягу ўжо больш чым паўстагоддзя аб тым чорным вясеннім дні ў нашай гісторыі нагадвае мемарыяльны комплекс «Хатынь», які з`яўляецца сімвалам усіх спаленых вёсак Беларусі. Аднак мала хто ведае, што ўвекавечаны тут не толькі населеныя пункты — адноўленыя пасля вайны, а таксама тыя, якія назаўсёды зніклі з геаграфічнай карты краіны. Мемарыялізаваны ў Хатыні і найбуйнейшыя лагеры смерці, канцэнтрацыйныя лагеры, месцы масавага знішчэння насельніцтва.
Помнік расстраляным выхаванцам Дамачаўскага дзіцячага дома
Адзін з іх — пасёлак Дамачава, што ў Брэсцкім раёне. У верасні 1942 года тут па-зверску былі знішчаны выхаванцы дзіцячага дома. Сёння аб забітых дзецях нагадвае помнік. Ведаюць аб трагедыі, якая ў гады вайны напаткала іх маленькіх землякоў, і сучасныя жыхары гарадскога пасёлка. Не дадуць сцерці з народнай памяці гэты бязлітасны акт генацыду і шматлікія дакументы, якія захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь.

У невыносных умовах

Дамачаўскі дзіцячы дом быў створаны ў 1925 годзе пры польскай уладзе. У ім заўсёды выхоўваліся сіроты: дзеці беларусаў, рускіх, палякаў, украінцаў, яўрэяў. Дзіцячы дом лічыўся змешаным: тут знаходзіліся дзеці розных узростаў. У жніўні 1940 года ўстанову зрабілі дашкольнай. Са старога складу засталося 30 чалавек. Адбыўся новы набор, і ў дзіцячым доме стала 84 выхаванцы. Іх колькасць мянялася ў сувязі са сталеннем дзяцей, якія сыходзілі ў школу, забіраліся да бацькоў, а ў каго не было сваякоў, пераводзіліся ў школьны дзіцячы дом у Брэсце.

Перад вайной у дзіцячым доме знаходзілася каля ста дзяцей. З пачаткам акупацыі сюды сталі паступаць і тыя дзеці, чые бацькі загінулі ў першыя дні вайны. Некаторыя людзі самі прыводзілі сваіх малых, якіх не было чым карміць: спадзяваліся, што тут ім будзе лепш.

Аднак што такое фашызм і акупацыя, выхаванцы дзіцячага дома зведалі ў першы ж дзень Вялікай Айчыннай вайны. Ад разрыву бомбы загінулі трохгадовы Майсей, чатырохгадовы Ваня і двухгадовы Коля. Двое дзяцей былі параненыя. З прыходам фашыстаў дзяцей яўрэйскай нацыянальнасці забралі ў гета, там іх расстралялі.

Паколькі адзін з будынкаў згарэў, выхаванцаў змясцілі ў два іншыя, якія ўцалелі. «Першы месяц дзіцячы дом праіснаваў за кошт запасаў прадуктаў, — расказвала жыхарка вёскі Дамачава Лізавета Грачова, якая была загадчыцай вучэбнай часткі дзіцячага дома з чэрвеня 1940 да чэрвеня 1941 года. — Далей сталі прасіць прадукты ў шэфа раёна Гваздзінскага, які з вялікай цяжкасцю даваў іх. А калі і даваў, то набор быў небагаты: дрэнная бульба, нямолатае жыта, крупы. Хлеба атрымлівалі ўсяго па 100 грамаў на дзіця. Соль давалася з перабоямі да тыдня. Чыстага малака не атрымлівалі, а атрымлівалі перагоны з сепаратараў і маслянку пасля прыгатавання масла. Цукру зусім не было. Мяса дрэннае, і тое амаль косці. Дзеці елі тры разы на дзень: раніцай — каву, у абед — суп, вечарам — зноў каву. Пры савецкай уладзе елі па пяць разоў на дзень, рацыён, зразумела, быў нашмат багацейшы».

З кожным днём жыццё ў дзіцячым доме станавілася ўсё больш невыносным. Мясцовыя жыхары і сваякі сталі разбіраць дзяцей па хатах, некаторых загадчыца дзіцячага дома Якушэнка (па іншых даных, Янушэнка) раздала ў нянькі і пастухі сялянам навакольных вёсак. Вядома, што папярэдняя загадчыца, пляменніца Гваздзінскага, шэфа раёна, абрабавала дзіцячы дом і вывезла ў Брэст каля 800 метраў мануфактуры, дываны, пасцельную бялізну і вопратку дзяцей. Пры трэцяй загадчыцы па прозвішчы Паўлюк дзяцей расстралялі...

Дзеці галадалі

Па ўспамінах жыхаркі вёскі Дамачава Настассі Усавай, ужо ў першы дзень вайны немец, які зайшоў у двор дзіцячага дома, сказаў: «Дарэмна мы сюды пару лішніх снарадаў не прыслалі, а так прыйдзецца карміць дармаедаў».

Мясцовая жыхарка Вера Мазепчык працавала там кухарам. Яе чацвёра дзяцей таксама знаходзіліся ў дзіцячым доме. Ежа, па яе словах, была дрэнная, складалася ў асноўным з перагоннага малака (сепаратарнага), сапсаванай бульбы, бурачніку, драблёнай пшаніцы. Пасля гэтай ежы дзеці пакутавалі ад паносу, дыфтэрыі. У сувязі з антысанітарыяй у многіх была кароста.

«Памятаю, трох жанчын, якія плакалі, з груднымі дзецьмі прывялі ў наш дзіцячы дом, дзве з іх з вёскі Страдзеч, адна з Прылук — жонкі ваенных усходнікаў, — расказвала сведка тых падзей. — Дзяцей адабралі і прынеслі ў спальню дзіцячага дома, а маці адправілі ў турму. 11-месячны Віктар, паказваючы ўдалеч ручкай, казаў: «Там мама». Астатнім, Віктару, было тры месяцы, дзяўчынцы Люсі — восем. Пасля хваробы памерлі трохмесячны Віктар, Хайдукова Люся і Віктар шасці гадоў, Аляксандр чатырох гадоў. Яшчэ памерлі тры-чатыры дзіцяці, якіх я не памятаю».

А. Якушэнка, якая пэўны час працавала загадчыцай у дзіцячым доме, расказвала, што ў сувязі з недаяданнем дзеці часта хварэлі. Адной з дзяўчынак, Алене Фрэнклах, патрабавалася асаблівае лячэнне: пасля таго як яе маці арыштавалі, дзяўчынка была псіхалагічна нездаровая.

«Я звярнулася да шэфа Пракапчука, каб дзіця ўзялі ў бальніцу, на што ён сказаў мне, што яе трэба атруціць, — успамінала А. Якушэнка. — Я адказала, што гэтага не магу зрабіць, але ён нічога не адказаў. Я перадала доктару Навіцкаму, але ён катэгарычна заявіў, што гэтага рабіць я не магу. Даў дзіцяці лекі для супакаення нерваў. Дзяўчынка працягвала заставацца ў дзіцячым доме, але здароўе яе не паляпшалася. Пасля майго звальнення з дзіцячага дома, якое адбылося па загадзе шэфа Пракапчука без усялякіх прычын і абвінавачанняў, праз некалькі дзён дзяўчынка збегла з дзіцячага дома і была застрэленая на ўскраіне Дамачава недалёка ад дзіцячага дома. Была застрэленая паліцыяй, якая ведала, што дзіця хворае».

З прадуктамі харчавання ў дзіцячым доме было вельмі дрэнна. Запас хутка скончыўся. Дзеці, а таксама і супрацоўнікі дзіцячага дома пачалі галадаць. Каб іх не карміць, фашысты вырашылі пазбавіцца ад выхаванцаў.

Да Брэста недавезлі

Трагедыя адбылася ранняй восенню. 23 верасня 1942 года пад маркай пераводу ў Брэст дзяцей (па архіўных даных, 54 чалавекі) пачалі грузіць на грузавую машыну.

«Яна (загадчыца дзіцячага дома.) захвалявалася і спытала: «Прыбраць дзяцей, гэта значыць памыць і апрануць?», — успамінала Вера Мазепчык. — А ён (лейтэнант Огіс.) адказаў, што там іх памыюць, напояць, накормяць без вас сёння, а потым праз пару дзён і вас забяруць у г. Брэст».

Дзяцей грузілі на машыну спакойна. Не білі. Вера Мазепчык прасілася ў немцаў узяць яе з сабой: маўляў, што ў дзіцячым доме няма чаго паесці. «Ідзі, паеш той суп, які зварыла дзецям», — сказаў ёй гітлеравец. У той жа час на машыну скокнуў сямігадовы Ваня: хлопчык радаваўся, што пакатаецца на грузавіку. Аднак выхавальніца, быццам нешта прадчуваючы, яго зняла, а на скосыя позіркі немцаў сказала, што гэта яе сын, таму хлопчык застанецца з ёй. Астатнім супрацоўнікам дзіцячага дома таксама дазволілі забраць сваіх дзяцей. Жадаючых не было.

Як расказваў пасля вайны мясцовы жыхар Збігнеў Грушынскі, які ў дзіцячым доме працаваў вартаўніком, немцы сказалі ім, што павязуць дзяцей у Брэст на медагляд. «У машыне было цесна, але дзеці не плакалі, — сведчыў ён. — Усё знаходжанне машыны ў двары дзіцячага дома — 30-40 хвілін. Немцы былі ўзброеныя пісталетамі, іншай зброі я не бачыў».

З дзецьмі па загадзе фашыстаў паехала выхавальніца Паліна Грахольская. Калі жанчына папрасіла памыць рукі і ўзяць хустку, ёй не дазволілі. Пасадзілі на машыну, грузавік крануўся з месца. Праз гадзіну супрацоўнікі дзіцячага дома даведаліся, што дзяцей і іх калегу расстралялі…

Засталіся дзіцячыя сукенкі

Віцю Абрамаву і Тасі Шахметавай удалося збегчы. Падчас пагрузкі немцы іх проста выпусцілі з поля зроку. Дзеці гэтым і скарысталіся. Прыбеглі ў вёску і схаваліся ў Віцевай маці.

«Калі я прыйшла дахаты, яны былі напалоханыя, заплаканыя і казалі, што ў дзіцячы дом больш не пойдуць, — сведчыла маці Віктара Н. Абрамава. — Я з дзецьмі пайшла ў дзіцячы дом, забрала свае рэчы. Дзяцей пакінулі паесці, бо вячэра была прыгатаваная, а дзяцей не было. Мая старэйшая дачка Валя прыйшла і кажа: «Прыйшла машына, што вазіла дзяцей, і на машыне ляжаць дзіцячыя сукенкі». Я адразу падумала, што дзяцей забілі. Машына хутка вярнулася, а да Брэста далёка...»

Сапраўды, як потым весветлілася, да горада выхаванцаў недавезлі. Іх расстралялі на ўзлеску недалёка ад вёскі. Многіх з дзяцей закапалі жывымі. Лёс аднаго дзіцяці невядомы дагэтуль. Праз месяц пасля трагедыі ў дзіцячым доме фашысты арганізавалі санаторый для нямецкіх дзяцей.

Можна толькі ўявіць, што перажыла жыхарка Дамачава Ганна Разанцава. Яна руская, у Беларусь прыехала да дачкі і зяця — дапамагала гадаваць малых дзяцей. Перад самым пачаткам вайны дачка з зяцем і сынам Анатолем паехалі ў адпачынак. Бабуля засталася з двума дзецьмі: двухгадовай Лідай і чатырохгадовай Галінай. Пачаліся ваенныя дзеянні, дачка з зяцем з адпачынку не вярнуліся. Жанчына вымушаная была глядзець унукаў адна. А паколькі яна нідзе не працавала, а тут яшчэ і вайна, нехта падказаў ёй адправіць дзяцей у дзіцячы дом: там іх хоць бы накормяць і адзенуць. Так па першым часе і было. У той восеньскі жудасны дзень 1942 года дзяцей расстралялі разам з іншымі выхаванцамі. Пра лёс сваіх унукаў Ганна Разанцава даведалася толькі праз паўгода: увесь гэты час жанчына думала, што яны вучацца ў Брэсце.

Дзеля памяці

Аб расстрэле выхаванцаў дзіцячага дома сведчылі жыхары вёскі Леплеўка, якія знаходзіліся непадалёк ад месца трагедыі. Яны чулі стрэлы, а таксама плач і крыкі дзяцей. Праз некалькі дзён, калі адважыліся падысці да гэтага месца бліжэй, мясцовыя жыхары ўбачылі жахлівую карціну — перакапаную зямлю, палітую крывёй ні ў чым невінаватых чалавечкаў, якія толькі пачалі сваё жыццё. Дзякуючы мясцовым жыхарам удалося ўстанавіць імёны загінулых. Аднак не ўсіх.

Пасля вайны астанкі забітых дзяцей перапахавалі каля дарогі Дамачава—Брэст. Сваімі сіламі мясцовыя жыхары ўсталявалі помнік, на месцы расстрэлу паставілі драўляны крыж. У 1987 годзе каля павароту на вёску ўзвялі манумент «Пратэст». Трое дзяцей, якія нібыта стаяць насупраць зараджаных аўтаматаў, падымаюць рукі ўверх. Адно малое закрывае вочы рукамі — можна толькі ўявіць, як ім было страшна ў той момант...

Вераніка Канюта
Вячаслаў Селяменеў, кандыдат гістарычных навук
Звязда, 21 сакавіка 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/114/64137
Текущая дата: 18.11.2024