Белорусский портал в Казахстане

У Новым замку ў Гродне прадставілі медалі і ордэны Вялікай Айчыннай вайны



З пачатку месяца ў авальнай зале пастаяннай экспазіцыі Новага замка ў Гродне дзейнічае выстава «Народжаныя подзвігам».

Выстава прысвечана Году гістарычнай памяці, таму супрацоўнікі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея прапануюць знайсці нагоду і зірнуць на гераізм людзей у выяве мінулага.

На выставе прадстаўлена больш за пяцьдзясят узнагарод Другой сусветнай вайны, пачынаючы ад простых «салдацкіх» медалёў і, заканчваючы ордэнамі, атрыманымі сапраўднымі палкаводцамі.

Аднак, як заўважае Андрэй Вашкевіч, загадчык аддзела найноўшай гісторыі Гарадзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, дадзеныя прадметы ўспрымаюцца не проста як рэчы, якія некалі належалі вялікім палкаводцам або звычайным салдатам, але як частка гісторыі краіны і горада ў прыватнасці.

— Мы вырашылі зрабіць выстаўку пра ўзнагароды такім чынам, каб экспанаваліся не толькі самі медалі і ордэны, але і дакументы, фатаграфіі, розныя іншыя матэрыялы, звязаныя з тымі ці іншымі падзеямі і людзьмі. Пры тым, для навуковых супрацоўнікаў не так важна, які іменна медаль трапляе для захавання — ад простых салдатаў, ці герояў Саюза. Для нас галоўнае — гісторыя чалавека і яго ўласнага подзвігу, — заўважае Андрэй Вашкевіч.

І на самай справе экспазіцыю арганічна дапаўняюць разнастайныя асабістыя дакументы і фатаграфіі гарадзенец, якія бралі ўдзел у подзвігах Вялікай Айчыннай вайны. Тут таксама можна знайсці старонкі арыгінальных ваенных выданняў — часопіс «Вялікая Айчынная вайна» і газета-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну». На сценах залы развешаны жывапісныя партрэты 50-ых гадоў, на якіх адлюстраваны знакамітыя палкаводцы, асобы якіх пазнаюцца з першага погляду. У прыватнасці, асаблівую каштоўнасць уяўляюць палотны, якія вышылі гродзенскія майстрыхі. Гэта партрэты Клімента Варашылава, аднаго з першых маршалаў Савецкага Саюза, і Аляксандра Васілеўскага, савецкага палкаводца. Удзельнічае ў экспазіцыі таксама скульптура з фондаў Новага замка.

Таму складана сказаць, якая з узнагарод можа быць самай каштоўнай, але разам з тым тут прадстаўлены і шматтыражныя і досыць рэдкія асобнікі. Да прыкладу, ордэн Аляксандра Неўскага, выраблены для сярэдняга звяна, а таксама амаль першы даваенны савецкі медаль «XX гадоў Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі». З тых, што сустракаюцца часцей — знакамітыя ордэн Славы, ордэн Чырвонай Зоркі, а таксама медалі «За адвагу» і «За баявыя заслугі».

Есць тут і узнагароды тым, хто у гады Айчыннай вайны здзяйсняў свае подзвігі ў тыле. Зразумела, што Героямі вайны былі і чыгуначнікі, а таксама работнікі аховы здароў’я. У экспазіцыі музея захаваны нагрудны знак «Ганаровы донар СССР». Цікава, што менавіта ў гады вайны з’явіліся «Медаль мацярынства», «Маці гераіня», «Мацярынская слава», якія ўручаліся жанчынам з больш чым пяццю дзяцьмі.

Асаблівую цікавасць выклікаюць узнагароды двух людзей з нашага горада — удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Адама Ляшчынскага і палкоўніка Савецкай Арміі Івана Лебедзева. Тут прадстаўлены медаль «Залатая Зорка Героя Савецкага Саюза» і медаль «За вызваленне Савецкай Украіны». Узнагароды гэтых людзей былі перададзеныя іх жонкамі.

— На сённяшні момант музей з’яўляецца месцам для сховішча каштоўных сведчанняў вайны. Да слова, беларускае заканадаўства прадугледжвае адказнасць за гандаль узнагародамі, — паясняе загадчык аддзела найноўшай гісторыі, — Толькі спадкаемцы маюць магчымасць імі распараджацца. Самі па сабе савецкія ордэны мелі асабістую каштоўнасць, бо, да прыкладу, вырабляліся з дарагіх металаў. 

Задача ж музейнага супрацоўніка падкрэсліць, што галоўная каштоўнасць такіх рэчаў — гэта людская гісторыя гераізму. Таму Андрэй Вашкевіч заўважае, што вельмі важна, каб узнагароды Вялікай Айчыннай вайны траплялі у музей, бо ў такім выпадку рэчы становяцца ўласнасцю Беларусі, то бок дзяржавы і народа. Таму ёсць гарантыі, што ўсё гэта будзе захавана для будучых пакаленняў.

Акрамя таго, выстава «Народжаныя подзвігам» будзе звязана з тэматычнымі мерапрыемствамі для вучняў гродзенскіх школ, якія змогуць распавесці ўласныя гісторыі сваіх бабуль і дзядуляў. Больш падрабязнасцей можна знайсці на сайце Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея.

Аўтар: Аліса Скіба
Звязда, 21 лютага 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/118/63571
Текущая дата: 18.11.2024