Белорусский портал в Казахстане

Макеты спаленых фашыстамі вёсак размесцяць ў Магілёўскай вобласці



У бліжэйшы час макеты будуць перададзены ўстановам адукацыі і культуры, дзе яны размесцяцца ў музеях і экспазіцыях.

У Магілёве ў музеі імя П. Масленікава падвялі вынікі абласной патрыятычнай акцыі па стварэнні макетаў вёсак, спаленых у гады Вялікай Айчыннай вайны. 

Актыўнымі ўдзельнікамі акцыі сталі дзеці разам з педагогамі. Як адзначыў старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб`яднання ветэранаў Анатоль Глаз, праект стварэння макетаў спаленых вёсак быў паспяхова рэалізаваны. «Наша акцыя патрэбна не толькі сёння, яна спатрэбіцца нам заўтра. У такіх акцыях і праектах мае патрэбу наша падрастаючае пакаленне», — сказаў ён.

Дыпломы І ступені атрымалі некалькі ўстаноў. Сярод іх Клічаўскі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Дзеці разам з педагогамі стварылі макеты вёсак Вязень і Сялец да іх знішчэння фашыстамі. Уладальнікамі 1-га месца таксама сталі сярэдняя школа №3 Асіповічаў і Лапіцкая сярэдняя школа, навучэнцы якіх аднавілі вёску Макаўе. Гімназія Асіповічаў атрымала 1-е месца за макет вёскі Бортнае.

Паводле слоў педагога Клічаўскага цэнтра даадукацыі дзяцей і моладзі Наталлі Мялешкі, работа па стварэнні макета пачалася з архіўных дакументаў. Па дапамогу звярталіся ў мясцовы краязнаўчы музей і да ўспамінаў мясцовых жыхароў. «Дзеці праяўлялі вялікую цікавасць да гэтай працы. Некаторыя нават не ведалі, што такое наогул магло быць, каб адны людзі спальвалі іншых. Калі ім нешта расказваеш, Яны, бывае, не так успрымаюць інфармацыю, а вось калі самі дакрануліся да гэтай работы — тут зусім ужо іншыя пачуцці і эмоцыі», — расказала педагог.

Другое месца ў абласной акцыі прысуджана сярэдняй школе №2 г.п. Глуска — школьнікі зрабілі мініяцюру вёскі Белае. Вендарожскі дзіцячы сад—сярэдняя школа Магілёўскага раёна атрымаў дыплом ІІ ступені за макет вёскі Дубінка.

Уладальнікамі 3-га месца ў абласной патрыятычнай акцыі стала Маслакоўская сярэдняя школа Горацкага раёна за макет вёскі Напраснаўка. Такую ж узнагароду заваяваў Чарнаруцкі дзіцячы сад—сярэдняя школа Шклоўскага раёна — дзеці стварылі мініяцюру вёскі Рубеж. За макет вёскі Панькоўская Буда дыпломам ІІІ ступені ўзнагароджаны Касцюковіцкі раённы цэнтр дзіцячай творчасці.

Адным з членаў журы, якія ацэньвалі прадстаўленыя работы, быў намеснік пракурора Магілёўскай вобласці Андрэй Волкаў. Ён расказаў, што такія акцыі і праекты зараз вельмі запатрабаваны.

«Было складана ацэньваць работы, у іх укладзена вельмі шмат працы. І гэтым пранікліся дзеці, якія ўдзельнічалі ў распрацоўцы і стварэнні макетаў спаленых вёсак, — падкрэсліў ён. — Для нас, як прадстаўнікоў пракуратуры, гэты праект уяўляў асаблівую цікавасць. Цяпер у Беларусі расследуецца крымінальная справа аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.У нас шмат архіўных дакументаў, рознай інфармацыі.І з кожным днём колькасць звестак павялічваецца. Ужо ўстаноўлена больш за 1,6 тысяч спаленых вёсак, выяўлена 38 раней неўстаноўленых месцаў масавых пахаванняў. На гэты год запланавана 8 пошукавых работ і раскопак. Мы будзем працягваць гэтую працу і расказваць пра яе, каб людзі ведалі і памяталі сваю гісторыю».

Звязда, 25 февраля 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/118/63953
Текущая дата: 18.11.2024