Знаёмцеся, прэм`ера рубрыкі. Чужыя сямейныя гісторыі карысныя перш за ўсё тым, што прымушаюць успомніць свае асабістыя. А ў Год гістарычнай памяці добра было б гэта зрабіць. Наша сённяшняя гераіня магла б з лёгкасцю расказаць іх нават не адну.
Апошнія некалькі гадоў яна захапілася пошукамі сваіх далёкіх каранёў. Скептыкі скажуць: а дзе іх шукаць, калі ўжо і сведкаў не засталося? Марына, калі пачала даведвацца пра свайго зніклага без вестак дзеда, неверагодным чынам знайшла не толькі поўную інфармацыю пра яго, але нават і магілу. Пра гэтую незвычайную гісторыю мы ўжо пісалі. А сённяшняя нават не ўмяшчаецца ў сямейных рамках. Яна адкрывае не зусім вядомыя старонкі з жыцця нашых веруючых продкаў у савецкі перыяд, калі рэлігія не віталася.
У спадчыну ад бабулі Матроны Марыне засталіся сшыткі з напісанымі ад рукі малітоўнымі песнямі — псальмамі, у якіх людзі славяць Багародзіцу і Хрыста. Маладая жанчына прызнаецца, што для яе гэта самы сапраўдны скарб.
У спадчыну ад бабулі Матроны Марыне засталіся сшыткі з напісанымі ад рукі малітоўнымі песнямі — псальмамі, у якіх людзі славяць Багародзіцу і Хрыста. Маладая жанчына прызнаецца, што для яе гэта самы сапраўдны скарб.
Матрона Рогава
Менавіта так звалі бабулю Марыны. Захаваўся здымак ваеннага перыяду, дзе яна, яшчэ даволі маладая жанчына, пазіруе разам з сяброўкамі невядомаму фатографу. Уважлівы, спакойны погляд, строгі пінжак, складзеныя на спадніцы рукі. Да рэвалюцыі яна вучылася ў гімназіі, добра валодала некалькімі замежнымі мовамі.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны трапіла ў нямецкае рабства, некалькі гадоў правяла ў лагеры. Яна пражыла крыху болей чым 90 гадоў і ўсё жыццё цалкам прысвяціла Богу. Яе вера была ціхая і недакучлівая. Марына кажа, што заўсёды з задавальненнем гасціла ў яе ў вёсцы Бардзінічы Чавускага раёна.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны трапіла ў нямецкае рабства, некалькі гадоў правяла ў лагеры. Яна пражыла крыху болей чым 90 гадоў і ўсё жыццё цалкам прысвяціла Богу. Яе вера была ціхая і недакучлівая. Марына кажа, што заўсёды з задавальненнем гасціла ў яе ў вёсцы Бардзінічы Чавускага раёна.
— Мне было 13 гадоў, калі яе не стала, — успамінае Марына. — І я вельмі смуткавала па бабулі. Яна заўсёды была роўная і добразычлівая, нікога ні да чога не прымушала, у тым ліку верыць у Бога. Яна ніколі не парушала пост, але, калі ў такі час родныя збіраліся ў яе за сталом, падавала стравы і посныя, і скаромныя. Некаторыя яе знаёмыя, таксама вернікі, папракалі яе за гэта, але яна казала: зараз іншы час, не чапайце нікога. Маці мне тлумачыла, што сапраўдны вернік нікога прымушаць верыць у Бога не стане, чалавек павінен сам прыходзіць да веры. Гасподзь кліча кожнага па-свойму.
У памяці ўнучкі засталося, як бабуля Матрона часта і доўга малілася на каленках перад самаробнай лампадкай. Яна таксама дасталася Марыне ў спадчыну — просценькая, зробленая з алюмініевых лыжак. Жыла Матрона Цімафееўна ціха, у малітвах, і памерла лёгка: заснула і не прачнулася.
Тайныя сёстры
Шмат вядома пра тое, што ў савецкі перыяд хадзіць у храмы не віталася, але мы амаль нічога не ведаем пра тое, як просты народ гэтую веру захоўваў. Сыходзіць тое пакаленне, якое магло б яшчэ нешта расказаць, як людзі маліліся дома, адкуль браліся тыя іконы ў тонкіх фальговых акладах, так званыя падакладніцы. Яны і зараз яшчэ вісяць у некаторых сялянскіх хатах.
— Мая бабуля мела перапіску з тайным манастыром Магілёва, — інтрыгуе Марына. — Я знайшла сярод яе сшыткаў лісты, якія так і пачынаюцца: умілаваныя сёстры ў Хрысце. Дасведчаныя людзі падказалі, што гэты манастыр знаходзіўся ў раёне Барысаглебскай царквы ў Магілёве. Разам з імі спрабавалі адшукаць тое загадкавае месца, але знайшлі толькі руіны. Суседзі расказалі, што там сапраўды жылі свяшчэннік і дзве манашкі. Яшчэ некалькі манашак жылі на Лупалава і ў некаторых іншых месцах Магілёва. Яны маліліся дома, таму што пасля рэвалюцыі з`явіліся свяшчэннікі, якія служылі савецкай уладзе і ўсіх здавалі — іх звалі абнаўленцамі.
Тады шмат хто адвярнуўся ад храма, з`явіліся так званыя катакомбныя цэрквы. Мая бабуля таксама малілася дома, з такімі ж, як і яна, вернікамі хадзіла ў паломніцтва ў Кіева-Пячэрскую і Пачаеўскую лаўры. Яны называлі сябе сапраўды праваслаўнымі.
Тады шмат хто адвярнуўся ад храма, з`явіліся так званыя катакомбныя цэрквы. Мая бабуля таксама малілася дома, з такімі ж, як і яна, вернікамі хадзіла ў паломніцтва ў Кіева-Пячэрскую і Пачаеўскую лаўры. Яны называлі сябе сапраўды праваслаўнымі.
Таямнічыя сшыткі
Скарб ад бабулі трапіў да Марыны ўжо пасля смерці цёткі, якая жыла разам з бабуляй. У каморы старога бабулінага дома яна знайшла чамадан, даверху набіты яшчэ дарэвалюцыйнымі выданнямі пра жыціі святых і перапісанымі ад рукі акафістамі. Марына нават не звярнула ўвагі на сшыткі з псальмамі. Але, як кажуць, Бог ганьбай не бывае. Прыйшоў час, калі сшыткі самі нагадалі пра сябе.
— У вёсцы, дзе жыла бабуля, шмат хто пытаўся ў мяне пра сшыткі з царкоўнымі песнямі, — кажа Марына. — Я ж і ўцяміць не магла, пра што ідзе гаворка. А некалькі гадоў таму вырашыла перабраць бабулін чамадан, адкрыла яго і ахнула: ну вось жа тыя сшыткі, пра якія ўсе пыталіся. Стала распытваць маці, што гэта і адкуль. Яна расказала, што вельмі даўно гэтыя сшыткі перадала бабулі яе выпадковая знаёмая, тайная манашка. Дарэчы, свяшчэннапакутніку Паўліну Крошачкіну, архіепіскапу Магілёўскаму, які быў рэпрэсіраваны ў 1937-м, у асабістай справе таксама ставілі ў віну такія сшыткі з рэлігійнымі песнямі і ўлёткамі. За гэта ў савецкі час маглі арыштаваць.
У чамадане акрамя духоўнай літаратуры Марына знайшла каля 40 рукапісных акафістаў, перапісаную ад рукі Пасхалію, служэбнік свяшчэнніка з іржавым жалезным пераплётам. Знаёмы бацюшка патлумачыў ёй, што такімі карысталіся менавіта палкавыя свяшчэннікі, каб куля не сапсавала пераплёт. Ёсць кнігі з дарчымі надпісамі. Напрыклад, «закончыўшаму курсы Бардзініцкага земскага вучылішча Марку Чэсакову» — Марынінаму сваяку. Або «хрысціяніну вёскі Бадзінічы 1904 года».
Адноўленыя псальмы
Нядаўна ў прыватным магілёўскім выдавецтве «Амелія-прынт» выйшла кніга з Марынінымі псальмамі. Ідэя аб яе стварэнні ўзнікла менавіта пасля таго, як яна падзялілася сваёй знаходкай з іншымі. Высветлілася, што падобных выданняў пасля рэвалюцыі не было. Дзякуючы Марыне адноўлена і рэдкая кніга з псальмамі Уладзіміра Мусатава, якая таксама трапіла да яе ад бабулі. Але знайшлася яна не адразу, гаспадыня яе хавала ў сваёй хаце за шпалерамі. Кніга, на жаль, захавалася не цалкам, была вельмі пашарпаная з выразанымі літаграфіямі, але выдавецтва змагло яе аднавіць.
— Праз архіў маскоўскіх бібліятэк нам выслалі літаграфіі, а тэксты мы знайшлі ў Мінскай нацыянальнай бібліятэцы, — удакладніў дырэктар выдавецтва Аляксандр Емяльянаў. — Усё гэта скампілявалі і аднавілі кнігу, якая выдавалася ў 1908 годзе. Яе аўтар Уладзімір Мусатаў збіраў песнапенні па манастырых Расіі, аб’ехаў шмат святых месцаў. Яны была настолькі папулярныя, што кніга 14 разоў перавыдавалася. Гэта манаскія песнапенні. А вось тыя сшыткі, якія трапілі да Марыны Кальчыбы ад бабулі — з народнымі псальмамі. Іх, як правіла, спявалі падчас царкоўных свят, на пахаваннях, пры хрышчэнні — з усякай нагоды. Усе жыццёва важныя моманты асвятляліся ў гэтых песнапеннях: Ушэсце, Прачыстая, Пакроў і гэтак далей. Царкоўныя святы вельмі шанаваліся сярод сялян, і яны славілі Бога. Прычым у кожным куточку краіны былі свае інтэрпрэтацыі. У словах адлюстроўваўся мясцовы каларыт. Сшыткі Марынінай бабулі далі нам магчымасць уявіць, якія духоўныя песні спявалі на Магілёўшчыне.
У Магілёве нават паклапаціліся аднавіць матыў, на якім яны спяваліся. Зрабіць гэта дапамагла намеснік дырэктара Духоўна-асветніцкага цэнтра Георгія Каніскага Таццяна Барысенка разам з выкладчыкамі Магілёўскага каледжа мастацтваў. Відэаролік, дзе музыканты спяваюць псальмы, размешчаны на YouTube.
— Калі я на Вялікдзень прыехала ў бабуліну вёску і паказала кнігу з псальмамі, кожны пажадаў набыць яе для сябе, — усміхаецца Марына. — Людзі дагэтуль памятаюць, як яна спявала псальмы. Бабулю часта запрашалі на пахаванні, народзіны, іншыя знамянальныя для сям’і мерапрыемствы. На жаль, тыраж быў абмежаваны, і кніга хутка разышлася. У яе ўвайшлі не толькі мае псальмы. Калі Магілёўская епархія аб’явіла, што збірае падобныя духоўныя вершы для выдання, шмат хто адгукнуўся. Прысылалі псальмы з усёй Беларусі.
Зараз у Магілёве рыхтуецца перавыданне гэтай кнігі. Яна выйдзе са змяненнямі і дапаўненнямі. «Спадзяюся, што для многіх яна стане сапраўдным падарункам, — кажа суразмоўніца. — Калі я трымала кнігу ў руках, ледзь не плакала ад захаплення. Бо гэта таксама наша спадчына і гістарычная памяць».
Аўтар: Нэлi Зігуля
Звязда, 25 лютага 2022
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/118/63961
Текущая дата: 18.11.2024