Белорусский портал в Казахстане

Дырэкцыя «Славянскага базару ў Віцебску» расказала аб навінках фестывалю



Цыркавая феерыя, старт юбілейнага турнэ Тамары Гвердцытэлі, моладзевая дыскатэка open-air — аб гэтых і іншых навінках маючага адбыцца форуму мастацтваў паведаміў на прэс-канферэнцыі дырэктар цэнтра культуры «Віцебск» і дырэктар міжнароднага фестывалю «Славянскі базар у Віцебску» Глеб Лапіцкі.

У гэтым годзе перад урачыстым адкрыццём фестывалю мастацтваў на сцэне Летняга амфітэатра адбудзецца вялікі маляўнічы дэбют — «Цыркавая феерыя». Уверцюра форуму абяцае незабыўнае шоу як айчынных, так і замежных труп і будзе прымеркавана да значнага юбілею ў цыркавым свеце. Якога — пакуль інтрыга. Глеб Лапіцкі адзначыў, што многія нумары артыстаў будуць падрыхтаваны спецыяльна для «Славянскага базару», таму феерыя стане своеасаблівай прэм’ерай у прэм’еры.

Дух мінулага, юбілейнага фестывалю «Славянскі базар» захаваецца і ў гэтым годзе ў многім дзякуючы знакавым датам як некаторых конкурсаў, канцэртаў, так і запрошаных на форум зорак. Тамара Гвердцытэлі пачне сваё юбілейнае турнэ з Віцебска на сольным канцэрце «Мелодыі кахання».

Юбілейны дзіцячы конкурс выканаўцаў таксама пацешыць інтрыгуючай навінкай: дырэкцыя фестывалю пастараецца сабраць максімальна поўны першы склад журы. Многія з тых, хто 20 гадоў таму толькі пачынаў свой творчы шлях і выстаўляў балы юным спевакам, сёння ўжо выраслі да зорак першай велічыні.

Творчая праграма пад эгідай Саюзнай дзяржавы пашырыцца і замест аднаго дня будзе доўжыцца некалькі. Такую ідэю ў мінулым годзе выказаў у час сустрэчы з дырэкцыяй фестывалю і моладдзю дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў, і на 31-м форуме мастацтваў яе ўвасобяць з размахам.

У гэтым годзе 15-годдзе адсвяткуе і канцэртная праграма зорак шансона. На ўпадабаным многімі гледачамі «Залатым хіце» зробяць акцэнт на выступленні вядомых груп розных перыядаў. Умоўна гэты канцэрт пройдзе пад назвай «Дыскатэка 1980-х — 2000-х».

Моладзі адвядуць пляцоўку каля канцэртнай залы «Віцебск». Тут выступяць маладыя спевакі, пройдзе дыскатэка электроннай музыкі з удзелам айчынных і замежных дыджэяў у фармаце open-air.

Фестываль у гэтым годзе пройдзе з 13 па 18 ліпеня, урачыстае адкрыццё адбудзецца 14 ліпеня, а закрыецца форум мастацтваў 17 ліпеня.

Звязда, 16 лютага 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/119/63492
Текущая дата: 18.11.2024