Аб гэтым паведаміла галоўны хавальнік Віцебскага музея воінаў-інтэрнацыяналістаў Вікторыя Харкевіч.
Галоўным акцэнтам выставы "Дадому!", прысвечанай 33-годдзю вываду Абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў з Афганістана і адкрытай сёння ў Віцебску, стала вяртанне воінаў-інтэрнацыяналістаў з Афганскай вайны.
Урыўкі пісем, якія звязвалі служачых у далёкай азіяцкай краіне з роднымі, блізкімі, домам, на адкрыцці выставы гучалі на розныя галасы. Аб чым тады думалі хлопцы, якія адправіліся выконваць міжнародны абавязак? Адзін абяцаў служыць з гонарам і доблесна выконваць баявыя задачы. Другі чакаў, што вось-вось прыедзе назад на радзіму, і прасіў блізкіх крыху пачакаць. А трэці хацеў хутчэй зведаць смак бабулінага малінавага варэння і маладой бульбачкі, водар квітнеючых лугоў, прайсціся па любым сэрцу лесе, каб забыць абрыдлыя горы і пыл. Чыісьці мары ажыццявіліся, а нехта так і не ўбачыў родныя прасторы, застаўшыся ў памяці сваякоў і на чорна-белых фатаграфіях - такім жа маладым з верай у светлую будучыню.
Старшы навуковы супрацоўнік музея воінаў-інтэрнацыяналістаў Алена Скугарэўская расказала аб графічных работах мастака Леаніда Шакінкі, прадстаўленых у цэлай серыі пад назвай "Афганістан - боль мой". "Леанід Шакінка пачаў ствараць гэту серыю, калі яшчэ ішла вайна ў Афганістане, першыя работы ствараліся ў 1988 годзе. Галоўны вобраз карцін - савецкі салдат. Аўтар сам перажыў Вялікую Айчынную вайну і ведаў, што адчувае ваеннаслужачы ў час узброенага канфлікту. Мастак паказаў таксама адваротны бок вайны - боль не толькі савецкай, але і афганскай маці, што для такіх твораў стала наватарствам", - расказала яна.
Прадстаўленую на выставе фотахроніку па часцінках сабралі супрацоўнікі музея воінаў-інтэрнацыяналістаў і музея сучаснага мастацтва. Чорна-белыя і каляровыя здымкі суправаджаюцца тэкстамі - тлумачэннямі аб жыцці, побыце і баявых задачах салдат у Афганістане. Як ішлі ў разведку, праводзілі размініраванне, калі і дзе ішлі асабліва бязлітасныя баі, за што маджахеды атрымлівалі знакі ўзнагароды і самыя вялікія ўзнагароджанні, якія ўчасткі былі самымі небяспечнымі для ваенных калон… На гэтыя і іншыя факты сучасны глядач глядзіць зусім іншымі вачыма, а воіны-афганцы адчуваюць хваляванне ад кожнага слова, успамінаючы бясконцую стральбу і загінулых таварышаў.
"У прадстаўленых фотадакументальных работах мы засяродзілі ўвагу, як выводзілі войскі з Афганістана, як чакалі вяртання дадому сваіх родных жыхары Віцебскай вобласці і як адлюстраваны гэтыя падзеі ў рэчаіснасці. Мы зрабілі акцэнт на эмацыянальным уздзеянні, для вывучэння работ неабавязкова суправаджэнне экскурсавода. Часам словы тут зусім не патрэбны, многія дэталі можна зразумець самому", - адзначыла Вікторыя Харкевіч.
Адзін з важных аб`ектаў выставы - падборка ўнікальных фотаздымкаў у дзень вяртання віцебскіх дэсантнікаў у родны горад 11 сакавіка 1989 года. На сустрэчу воінаў-інтэрнацыяналістаў 103-й гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі выйшаў вялізны натоўп жыхароў. Радасць ад вяртання дадому і надзея на новае мірнае жыццё чытаецца на тварах ваеннаслужачых.
"Віцебск як ніякі іншы горад нашай вобласці закранула тэма Афганскай вайны. Адсюль дэсантнікі адпраўляліся на вайну, разумеючы, што могуць не вярнуцца. Боль і страты віцябчан, якія не дачакаліся сваіх мужоў, сыноў, братоў, лепшых сяброў, не сціхае дагэтуль. Для іх было важна, каб усе воіны вярнуліся дадому цэлымі і здаровымі. На жаль, вобласць страціла 160 сваіх сыноў на той вайне. Сёння наш абавязак - помніць пра іх, не аддаваць забыццю і не скажаць праўду пра іх подзвігі", - падкрэсліў старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ГА "Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане" Валяр`ян Мацкевіч.
Ён дадаў, што сёння самаму маладому ветэрану той вайны ўжо больш за 50 гадоў. Афганскае братэрства да гэтага часу непарушнае. Ветэранская арганізацыя падтрымлівае воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія засталіся жывымі, і дапамагае вырашаць ім самыя розныя праблемы аж да бытавых. А на значныя даты ўсе збіраюцца разам і ўспамінаюць паіменна тых, хто пайшоў назаўжды.
На выставе "Дадому!" у Музычнай гасцёўні жадаючыя азнаёміцца бліжэй з тэмай Афганістана могуць пабываць да 4 сакавіка.
16 лютага 2022, Віцебск
Алеся Пушнякова - БЕЛТА
16 лютага 2022, Віцебск
Алеся Пушнякова - БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/119/63580
Текущая дата: 18.11.2024