Праект пакуль толькі абмяркоўваецца, але зразумела адно: у горадзе з амаль 900-гадовай гісторыяй з`явіцца ўнікальная лакацыя, дзе ажывуць разам усе эпохі яго мінулага.
За стагоддзі свайго існавання старажытны Прапойск (пасля вайны яго імя змянілася на больш мілагучнае — Слаўгарад) не раз станавіўся цэнтрам цікавых падзей з удзелам вядомых гістарычных асоб. На жаль, архітэктурных сведкаў тых слаўных гадоў у горадзе няма, але ёсць старадаўні парк, адкуль, уласна, і пачыналася яго славутая гісторыя. Менавіта ён і стане цэнтрам пераўтварэнняў.
На зліцці дзвюх рэк
Калі глядзіш з высокага крутога берага ўдалечыню, можна амаль фізічна адчуць палёт — так дзейнічае прыгажосць тэтэйшых краявідаў. Унізе бурліць, звіваючыся ў адну шырокую плынь, імклівая Сож і Проня, за імі рассцілаецца вялікі, наколькі хапае вачэй, маляўнічы луг, і далёка-далёка на гарызонце нібы шчытом ахоўвае гэты вечны пакой высокі калматы лес. Здаецца, раскінуў бы крылы і, як марыла Кацярына з «Навальніцы» Астроўскага, паляцеў. Ёсць у гэтым месцы нешта магічнае, што кліча вяртацца сюды зноў і зноў. Сама назва — Замкавая гара — надае парку таямнічасць. Ён працягнуўся ўздоўж берагавой лініі на кіламетр. З аднаго яго боку прыстань, з другога аглядальная пляцоўка з вялікім якарам на пастаменце. Калісьці тут было дастаткова сур`ёзна развітае суднаходства. Кажуць, што прыбліжаныя Кацярыны Вялікай — князь Рыгор Пацёмкін, якому яна падарыла Крычаў, Аляксандр Галіцын, якому дастаўся Слаўгарад, і граф Пётр Румянцаў — уладальнік Гомеля, нават будавалі планы, як выкарыстоўваць для расійскага флоту тутэйшы лес. Сож — якраз тая рака, якая злучае ўсе тры гарады.
Але сёння парк перажывае не найлепшыя часы. Замка, які тут калісьці знаходзіўся, на жаль, даўно ўжо няма. Тую пляцоўку, дзе ён стаяў і адкуль адкрываецца захапляльны дух від на наваколле, слаўгарадчане называюць месцам для закаханых. Каля ліпы, дзе, як сведчыць гісторыя, пакінула надпіс Кацярына ІІ, калі гасцявала ў Галіцына, любяць прызначаць сустрэчы. Пасярод круглай па форме паляны, дзе нават праз стагоддзі не растуць дрэвы (магчыма, з-за глыбокіх падвалаў, пра якія тут ходзіць шмат легендаў), велічэзны камень з таблічкай, дзе пералічаны ўсе варыянты назвы Слаўгарада. З-за каменя выглядае металічная фігура апошняга ўладальніка палаца, які, як сведчыць гісторыя, яго і сапраўды прапіў. На паляне ёсць таксама карэта і арыгінальна аформленае месца для пацалункаў. Усё гэта з`явілася некалькі гадоў таму, калі Жылкамгас у рамках праектнай дзейнасці паклаў пачатак акультурванню парку. Але гэтае месца патрабуе чагосьці больш грунтоўнага. Каб выратаваць жамчужыну Беларусі (у савецкі час парк уваходзіў у спіс найлепшых у маштабах краіны), мясцовыя ўлады шукаюць крыніцы фінансавання. Датацыйны горад, моцна абпалены Чарнобылем (адзіны з райцэнтраў Магілёўшчыны, які трапіў у зону радыеактыўнага забруджвання да 5 кюры) самастойна нешта сур`ёзнае не пацягне.
Мінулае загаворыць...
Памятаеце песню Уладзіміра Высоцкага пра час?
«Замок временем срыт и укутан, укрыт
В нежный плед из зеленых побегов,
Но развяжет язык молчаливый гранит —
И холодное прошлое заговорит
О походах, боях и победах...»
«Замок временем срыт и укутан, укрыт
В нежный плед из зеленых побегов,
Но развяжет язык молчаливый гранит —
И холодное прошлое заговорит
О походах, боях и победах...»
Нядаўна ў Слаўгарадзе пабываў беларускі скульптар Іван Арцімовіч. Прызнаецца, што быў нечакана ўзрушаны.
— Месца ну проста выдатнае, — не хавае ён эмоцый. — Калі хадзіў па гэтым парку, быў у захапленні. З 20-метровай вышыні адкрываецца неверагодна прыгожы краявід. Вельмі незвычайны ландшафт і, што самае галоўнае, адчуваецца дух тысячагоддзяў, даўніны, якая існавала яшчэ да таго, як гэтае месца было згадана ў летапісных крыніцах.
Суразмоўнік лічыць, што абмяжоўвацца адным толькі гістарычным перыядам, у прыватнасці, ваенным, на які мясцовая ўлада робіць акцэнт, было б няправільна. Гэтая тэрыторыя абавязкова павінна быць уладкавана ў адпаведнасці з усімі тымі эпохамі, у якіх яна існавала. Бягучы год, які праходзіць пад знакам гістарычнай памяці, абавязвае да гэтага. Павінна быць увекавечана ў тым ліку і тая гісторыя, якая схавана.
Войны, адраджэнне, росквіт — старажытны Прапойск-Слаўгарад перажыў у поўнай меры ўсе тыя выпрабаванні, што і краіна ў цэлым. І нават пасля самых трагічных падзей жыццё вярталася сюды.
— Мы даўно выношвалі ідэю рэканструкцыі парку, — кажа старшыня Слаўгарадскага райсавета Святлана Язерская. — Гэтыя алеі яшчэ помняць славутых гістарычных асоб, якія тут хадзілі. Наш парк жывы, дыхае гісторыяй, мінулым Слаўгарадчыны. Цяпер працуем над канцэпцыяй рэканструкцыі. Для нас гэты парк — наша мінулае і сучаснае, якраз тое, што ўвасабляе ў сабе словазлучэнне — гістарычная памяць.
Месца смутку і славы
У парку пахаваныя вызваліцелі Слаўгарада ў Вялікай Айчыннай вайне. Менавіта па парку праходзіла нямецкая лінія абароны. Яна была зламаная толькі цаной вялікіх чалавечых ахвяр. Вада ў рацэ, кажуць, была чырвонай ад крыві забітых. А тое самае месца, якім у сённяшні час хочацца любавацца бясконца, для чырвонаармейцаў было полем смерці. З высокай гары, дзе стаялі нямецкія пушкі, на іх бесперапынна ліўся смяротны агонь.
Старажытны парк памятае і тое, як пад яго векавымі дрэвамі расстрэльвалі падпольшчыкаў і партызанаў. Ветэран і былы настаўнік Пётр Іванавіч Старавойтаў бачыў гэта на свае вочы. Яму было ўсяго 16 гадоў, калі гітлераўцы схапілі яго і некаторы час трымалі ў камендатуры — двухпавярховым будынку на краі парку.
— Аднойчы я неасцярожна сказаў свайму таварышу, што ў мяне ёсць зброя для партызанаў, — успамінае ён. — Калі чырвонаармейцы адступалі, я збіраў і хаваў вінтоўкі ад забітых. Нашу размову пачулі і данеслі акупантам.
У адным з маленькіх памяшканняў нямецкай камендатуры, акрамя Пятра Старавойтава, трымалі яшчэ пяць жанчын і мужчын. Аднойчы да іх кінулі жонку партызана. На наступны дзень яе расстралялі ў парку і спіхнулі ў роў. Падобныя аперацыі тут праводзіліся рэгулярна.
Памятае ветэран і той самы палац, дзе некалі гасцявала Кацярына Вялікая. Да вайны будынак яшчэ стаяў на высокім беразе.
— Гэта быў двухпавярховік з адкрытай пляцоўкай наверсе, — кажа ён. — Мы з хлопцамі там лазілі, каб паглядзець на луг. Любавацца можна было бясконца. Але немцы разбурылі той палац.
«Вайна — гэта страшнае гора, — кажа ветэран. — Яна нясе смерць і разбурэнне. Мяне вельмі ўсцешыла тое, што ў парку будзе дастойнае месца памяці ахвяр. Трэба, каб моладзь цаніла мір і ніколі не забывала пра тое, як пакутаваў наш народ. Я перажыў нямецкі палон, цудам застаўся жывы. Вайна забрала двух маіх братоў, яшчэ два вярнуліся дадому інвалідамі.
Без памяці няма гісторыі
Для супрацоўнікаў раённага гісторыка-краязнаўчага музея вельмі важна, каб гэты комплекс пад адкрытым небам з`явіўся. Ён будзе жывой ілюстрацыяй да тых экспанатаў, якія захоўваюцца ў музеі.
— У парку сканцэнтраваная ўся гісторыя нашага краю, з пачатку з`яўлення населенага пункта да сучасных дзён, — кажа дырэктар музея Святлана Мельянцова. — Асноўныя дамінанты тры. Гэта старажытны перыяд, калі старадаўні Прапойск быў фарпостам спачатку Смаленскага княства, потым ВКЛ, другі росквіт мястэчка перажыло ў часы Расійскай імперыі, калі ўладальнікам тутэйшых зямель быў князь Аляксандр Галіцын, у XX стагоддзі страшным выпрабаваннем для нашага горада, як і ў цэлым для краіны, стала Вялікая Айчыннай вайна. Нядаўна мы сабралі вялікі матэрыял па генацыдзе мірнага насельніцтва, і там вельмі шмат новых жахлівых фактаў, пра якія мы амаль нічога не ведалі.
Супрацоўнікі музея кажуць, што апошнім часам моладзь усё большую цікавасць праяўляе да гісторыі, у тым ліку савецкага перыяду. Экспазіцыя «Захоўваючы памяць на вякі» — якраз экскурс у тое, здаецца, яшчэ зусім нядаўняе мінулае. На старых фота — героі таго часу. Сярод іх беларускі жывёлавод, канявод, актыўны ўдзельнік калгаснага будаўніцтва Мікіта Ермалаевіч Батоўкін, дэпутат ад народа.
— У музеі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску ёсць невялікая экспазіцыя, прысвечаная нашаму славутаму земляку, — з гонарам кажа старшы навуковы супрацоўнік Вера Стасенка. — Савецкая ўлада дала яму магчымасць з батракоў стаць вядомым чалавекам.
У раёне развіваецца пошукавы рух. Старшы навуковы супрацоўнік музея Андрэй Кавалёў з`яўляецца кіраўніком пошукавай групы «Спадчына». Сярод музейных экспанатаў ёсць і тыя, што былі знойдзены на месцы былых баёў. Некалькі гадоў таму каля вёскі Рудня пошукавікі паднялі байца, пры якім быў фрагмент газеты «Камсамольская праўда» ад 27 лістапада 1940 года. На жаль, імя чырвонаармейца ўстанавіць не атрымалася, а вось газета, што ляжала ў яго кішэні, — цяпер у музейнай экспазіцыі. Вера Стасенка звяртае ўвагу на прароцкую дату — 25 лістапада, якая згадваецца ў тэксце. Менавіта ў гэты дзень 1943 года і быў вызвалены Слаўгарад. У гісторыі, як той казаў, нічога выпадковага не бывае.
Аўтар: Нэлi Зігуля
Звязда, 16 лютага 2022
Звязда, 16 лютага 2022
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/119/63698
Текущая дата: 18.11.2024