Прэзідэнт звярнуўся да прыхаджан Прыходу храма ў гонар прыпадобнага Серафіма Сароўскага ў горадзе Мінску з невялікай прамовай.
Калядную раніцу Аляксандр Лукашэнка правёў з вернікамі Прыходу храма ў гонар прыпадобнага Серафіма Сароўскага ў горадзе Мінску і настаяцелем храма Опцінскіх Старцаў пратаіерэем Аляксандрам Шыроціным. Кіраўнік краіны запаліў калядную свечку, падарыў храму ікону Мікалая Цудатворца работы беларускай майстэрні «Цесля».
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў за запрашэнне і дадаў, што ён вельмі любіць наведваць такія невялікія, драўляныя храмы, як гэты. Тут, па яго словах, уся сутнасць беларускага народа.
Прэзідэнт адзначыў, што Каляды — гэта магчымасць падвесці вынікі мінулага года. Так, ён падкрэсліў, што 2021 год быў урокам для нас, калі мы змаглі прааналізаваць свае ўчынкі. Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, апошнія падзеі паказалі, што Гасподзь ударыў па цемечку і папярэдзіў: калі і далей будзем так жыць, то сутыкнемся з яшчэ большымі праблемамі.
Адна з праблем, якія ўжо існуюць, заўважыў кіраўнік краіны, пандэмія. Ён нагадаў, што на яе пачатку выказваўся супраць закрыцця прадпрыемстваў, устаноў, каранцінаў.
«Нашым шляхам пайшлі ўсе. Але гэта непрынята казаць, падумаеш, нейкая Беларусь нешта сказалі. Але мы мелі рацыю», — сказаў Прэзідэнт.
Ён дадаў, што ў пандэмійны год наша экономіка паказала небывалае, і краіна пераадолела многія нягоды.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў гаротным становішчы знаходзіцца з-за пратэстаў сяброўскі нам Казахстан, таму рэзервовыя міратворчыя сілы Беларусі былі перакінуты ў гэтую краіну разам з расіянамі.
«Казахстан успыхнуў, палаюць усе буйныя гарады. Мы занепакоеныя тым, што адбываецца. Гэта краіна, з якой звязаны Дагаворам аб калектыўнай бяспецы, — расказаў Прэзідэнт. — Нашы хлопцы разам з расіянамі спрабуюць зблізіць пазіцыі пратэстуючых бакоў: улады і збунтаванага народа. Мы гэта перажывалі. Я папярэджваў, як толькі мы дапусцім расколіну, туды ліне вада».
Паводле слоў Прэзідэнта, падзеі на поўдні Казахстана — спроба замежнага ўмяшання, трэба яшчэ разабрацца, хто стаяў за бандытамі.
«Я падазраю, што там усё ідзе на спад. Накіравалі кантынгент наш туды разам з Расіяй, падключацца і іншыя дзяржавы АДКБ, гэта цвяроза дзейнічае на тых, хто вырашыў там пагрэць рукі», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначае, што не варта верыць здагадкам: Беларусь ваюе за Казахстан. Там усяго адна рота вайскоўцаў міратворчых сіл, якая дапамагае наладзіць мір.
«Мы ў Казахстан прыйшлі не забіваць і не ваяваць. Нашы вайскоўцы і мы, мірныя людзі. Мы прыйшлі дапамагчы ім», — дадаў Прэзідэнт.
Кіраўнік краіны адзначыў, што дапамагчы Казахстану важна, бо гэта эканамічны партнёр Беларусі.
Паводле слоў Прэзідэнта, гэты год будзе няпросты, і свет зменіцца ў плане аб’яднання народаў і дзяржаў у саюзы.
«Такім дзяржавам, як мы, у адзіночку будзе немагчыма выжыць. Таму я і ўзяў жорсткі курс на тое, каб захаваць наш суверэнітэт і незалежнасць, каб мы былі ў цеснай звязцы з нашымі сябрамі і братамі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка і падкрэсліў, што супрацьстаянне ў Казахстане — спроба атакаваць постсавецкія дзяржавы па перыметры Расіі.
Кіраўнік краіны сцвярджае , што ў будучым варта ўсім арыентавацца на маральныя каштоўнасці, такія як патрыятызм, любоў да зямлі, у імя чаго трэба жыць.
«Давайце падумаем пра дзяцей. Гэта галоўнае — аснова цяперашняй нашай палітыкі. Мы нядаўна зацвердзілі дзяржаўны бюджэт. Гэта мяшок фінансавы, які будзе сабраны напрацягу года. Амаль 50 адсоткаў мы адправім на сацыяльныя патрэбы», — падкрэслівае Аляксандр Лукашэнка.
Ён выказаў надзею, што царква акажа ўладам падтрымку, бо гэта не пярэчыць яе канонам.
«Будзе дзяржава, будзе ўлада і царква. Страцім яе, не будзе нічога. Вернемся да таго, што было некалькі стагоддзяў таму. Разлічваю на вашу падтрымку і разуменне. І яшчэ раз абяцаю, я вас не падвяду, вам за мяне сорамна не будзе», — дадаў Прэзідэнт.
Аўтар: Марыя Дадалка
Звязда, 7 студзеня 2022
Звязда, 7 студзеня 2022
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/125/62734
Текущая дата: 19.11.2024