Белорусский портал в Казахстане

Беларускія палярнікі павіншавалі краіну з Новым годам



Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе Нацыянальнай акадэміі навук.

Ад імя ўдзельнікаў 14-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі начальнік экспедыцыі Аляксей Гайдашоў прыслаў віншаванне з надыходзячым 2022-м годам калектыву НАН Беларусі і ўсім грамадзянам краіны.

"Мінулы год быў складаным для ўсіх нас, але беларускі народ змог узяць волю ў кулак і аб`яднацца для пераадолення цяжкасцей. Разам мы зможам многае. Каманда 14-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі з самага халоднага кантынента Зямлі шле самыя цёплыя віншаванні з Новым годам і Раством Хрыстовым сваім родным і блізкім, усім жыхарам нашай цудоўнай Беларусі. Жадаем вам і вашым блізкім моцнага палярнага здароўя, шчасця, дабрабыту. Няхай кожны дзень Новага года прыносіць у нашы дамы толькі мір і згоду, любоў і павагу, цяпло і ўтульнасць", - гаворыцца ў віншаванні.

15 лістапада 2021 года ў НАН Беларусі быў дадзены ўрачысты старт чатырнаццатай Беларускай антарктычнай экспедыцыі. У гэтым годзе на лядовы кантынент адправіліся 11 чалавек. У складзе экспедыцыі навуковыя супрацоўнікі НАН Беларусі (Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў, Інстытута фізікі, Аб`яднанага інстытута праблем інфарматыкі, НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах), БДУ (Нацыянальнага навукова-даследчага цэнтра маніторынгу азонасферы) і іншых арганізацый краіны. У камандзе як спецыялісты, якія пабывалі ўжо ў Антарктыдзе, так і навічкі.

30 снежня 2021, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/126/62600
Текущая дата: 19.11.2024