Белорусский портал в Казахстане

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны



Рупліўцы школьнага музея вёскі Здзітава збіраюць і беражліва захоўваюць памяць пра байцоў 174-га стралковага палка, якія загінулі пры вызваленні вёскі Шылін.

Гэтага ганаровага госця ў музеі сярэдняй школы вёскі Здзітава Бярозаўскага раёна чакаюць сёлета. Масквіч Уладзімір Дзмітрыевіч Андрыянаў абяцаў прыехаць вясной альбо летам. Прыехаць у вёску, дзе шмат гадоў падтрымліваюць памяць пра яго бацьку — лейтэнанта марской пяхоты Дзмітрыя Андрыянава. Здавалася б, пры чым тут марскі пехацінец? Бярозаўшчыну вызвалялі сухапутныя часці. Пра амаль дэтэктыўную ваенную гісторыю марака, імя якога значыцца на пліце са спісам загінулых у 1944-годзе, крыху пазней, а цяпер пра музей.

Калі маці прыязджалі на магілы

Варта сказаць, што аўтару гэтых радкоў за гады работы давялося наведаць шмат школьных музеяў, але такіх, дзе вядзецца паўнавартасная пошукавая работа, падтрымліваецца перапіска з нашчадкамі герояў экспазіцыі, ладзяцца з імі сустрэчы, у гэтым спісе нямнога. Цікава, што названай школе толькі 10 гадоў, а музею — больш за 40. Расказвае цяперашняя яго захавальніца, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Святлана Казадаева:

— Музей быў створаны намаганнямі не аднаго пакалення педагогаў школы з суседняй вёскі Шылін, якую вызвалялі байцы 174-га стралковага палка. Страты полк панёс каласальныя. Толькі паводле афіцыйных даных, тут загінула больш за 600 савецкіх салдатаў і афіцэраў. Недзе ў 60-я гады, калі перапахавалі астанкі, паставілі помнік вызваліцелям, тагачасны дырэктар школы Іван Аляксандравіч Тур з калегамі і вучнямі сталі збіраць матэрыялы пра тыя жорсткія і страшныя баі. Тады яшчэ жылі відавочцы, сведкі падзей. Вырашылі напісаць пісьмы сваякам салдат і афіцэраў, якія засталіся ў гэтай зямлі. Адрасаты не толькі адгукаліся, яны пачалі прыязджаць з усіх канцоў былой вялікай краіны. Ёсць фотаздымкі, на якіх стаяць гаротныя маці над брацкай магілай. Вядома, кожнай хацелася пабываць там, дзе ляжыць яе сын, паплакаць на роднай магіле.

Сваякі звычайна прывозілі з сабой нейкія рэчы: дакументы, пісьмы, сувеніры. Так вось спачатку стыхійна, а потым свядома стаў фарміравацца музей. Паявіўся піянерскі пошукавы клуб «Гвардзеец». І ўжо ў пачатку 70-х гадоў сталі праводзіць вахты памяці. Ёсць нават запіс перадачы, якую ў 1972 годзе пра Шылінсую школу здымала Брэсцкае тэлебачанне, там расказвалася пра ганаровую вахту. Музей папаўняўся новымі экспанатамі, перапіска працягвалася, экспазіцыя расла. А калі школу ў вёсцы закрылі, а ў Здзітаве пабудавалі новую, музейная экспазіцыя пераехала туды. Праўда, перад гэтым яна перажыла мадэрнізацыю і абнаўленне. І на новых стэндах занялі свае пачэсныя месцы партрэты герояў-вызваліцеляў. Пошукам інфармацыі пра іх спрыяе перапіска з нашчадкамі і сваякамі.

Калі раней у музей прыязджалі бацькі, жонкі байцоў, потым дзеці, то цяпер — найчасцей унукі. Яшчэ ў 2014 годзе музей наведала Марыя Мацкевіч з Украіны, тут загінуў яе бацька. Прыязджалі з Растова-на Доне, з іншых гарадоў і сёл. Сям`я Пахомавых з Разані не проста наведвае музей, перапісваецца з яго захавальнікамі, яны аказваюць істотную спонсарскую дапамогу. Гэтая сям`я вельмі беражліва захоўвае памяць пра свайго продка. Дома ў іх неўзабаве выйдзе кніга пра яго, асобныя раздзелы якой прысвечаныя апошняму бою, месцу гібелі і памяці, якую шануюць у беларускай вёсцы. Менавіта ўзрушаныя такой беражлівасцю, клопатам пра захаванне памяці, нядаўна яны падарылі музею сем камплектаў вопраткі для экскурсаводаў.

Гісторыі, вартыя прыгодніцкага рамана

Раней адзінай крыніцай звестак служыла перапіска, цяпер дапамагае інтэрнэт. З`явіліся адмысловыя сайты, на якіх можна праверыць асобныя звесткі альбо нават знайсці новыя, звязацца са сваякамі. Менавіта праз інтэрнэт адгукнуўся сын Дзмітрыя Андрыянава, імя якога выбіта на адной з пліт брацкай магілы. І агаломшыў паведамленнем: бацька не загінуў у тым баі, быў паранены, трапіў у палон, потым уцёк, дайшоў амаль да Берліна, а памёр толькі ў 2002 годзе.

Гісторыя масквіча ў першым пакаленні Дзмітрыя Андрыянава тыповая і нетыповая адначасова — на вайне, куды ён трапіў 22-гадовым юнаком, усялякае бывала. І па-рознаму выжывалі тыя, каму пашанцавала выжыць. Пра яго ваенныя дарогі можна, відаць, напісаць кнігу альбо зняць прыгодніцкі фільм. Сям`я хлопца з разанскай вёскі пераехала ў Маскву ў пачатку 30-х гадоў. Міця добра вучыўся і пасля школы паступіў у аўтадарожны інстытут. ВНУ на той час адносілася да НКУС, адкуль перыядычна папаўнялі састаў ваенных навучальных устаноў. І пасля другога курса юнака пераводзяць у Ленінградскае вышэйшае ваенна-марское вучылішча. Ён скончыў названае вучылішча ў верасні 1941 года і быў накіраваны на Чарнаморскі флот, гэта значыць, на вайну. Юны лейтэнант стаў камандзірам разведвальнага ўзводу адной з брыгад марской пяхоты. Яны абаранялі Севастопаль, біліся да апошняга, але іх часці былі ўшчэнт разбітыя. З акружэння выбіраліся дробнымі групкамі. Так і ён з рэшткамі ўзводу пасля доўгіх бадзянняў аказаўся ў Запарожскай вобласці недалёка ад горада Марыупаля на акупаванай тэрыторыі. Там працягваў функцыянаваць буйны калгас, акупанты выкарыстоўвалі яго для забеспячэння правіянтам сваіх войскаў. Мясцовыя жыхары падказалі хлопцам, што яны могуць выдаць сябе за жыхароў суседніх сёлаў і ўладкавацца на работу. Так і зрабілі маракі. І працавалі да лістапада 1943 года, пакуль тэрыторыю не вызвалілі ад фашыстаў.

Дзмітрый Андрыянаў і яго таварышы прайшлі праверку ў падраздзяленні СМЕРШ, пасля чаго лейтэнант быў накіраваны камандзірам узвода ў стралковы полк адной з дывізій 3-га Украінскага фронту. У адным з першых баёў атрымаў цяжкае раненне ў галаву, лячыўся чатыры месяцы. Са шпіталя, які знаходзіўся ў Грузіі, атрымаў накіраванне да новага месца службы. На адной з вузлавых станцый, дзе лейтэнант павінен быў зрабіць перасадку, ён сеў не ў свой цягнік, а ў другі, у той, што ішоў у Маскву... Ён столькі гадоў не бачыў родных. Разлічыў, што зможа заскочыць да сваіх на дзень, а потым паспець да новага месца службы. Сваіх ён убачыў, але быў затрыманы ваенным патрулём, зноў праверкі, зноў новае прызначэнне. Так лейтэнант Андрыянаў трапіў ужо на 1-ы Беларускі фронт і стаў удзельнікам аперацыі «Баграціён».

Баі за Шылін, пахаванка, штрафбат

У складзе 174-га стралковага палка 20-й стралковай дывізіі камандзір узвода са сваімі байцамі біліся за вёску Шылін. З успамінаў Дзмітрыя Андрыянава, апублікаваных яго сынам: «Бой быў сапраўдным кашмарам нават для бывалых байцоў. Наступаць на пасёлак Шылін давялося пасля невялікага адпачынку проста з маршу. Не было дакладных разведданых пра абарончыя пазіцыі праціўніка, не было і надзейнай сувязі паміж падраздзяленнямі палка. Артылерыя палка адставала, таму не было неабходнай агнявой падтрымкі. Камандзір 20-й дывізіі загадаў наступаць праз балота. Акапацца на балоцістай мясцовасці немагчыма. Наступалі цэлым палком у лінію рот, такім чынам, байцы аказваліся непрыкрытай мішэнню для праціўніка. Толькі пасля сёмай няўдалай контратакі паступіў загад на адступленне».

Шылін вызваляць пазней, калі падыдзе артылерыя. А ў тых баях іх загінула вельмі многа, Андрыянаў быў паранены ў плячо асколкам снарада і разам з іншымі байцамі захоплены ў палон. У дакументах жа ён значыўся як забіты ў баі 14 ліпеня 1944 года. Сям`я атрымала пахаванку.

Спачатку знаходзіўся ў брэсцкім лагеры для ваеннапалонных, а калі лагер этапавалі ў Варшаву, ужо на тэрыторыі Польшчы з групкай байцоў яму ўдалося ўцячы. Потым дабраліся да сваіх, зноў праверка па лініі СМЕРШ і новае прызначэнне на фронт. Ваяваў ва Усходняй Прусіі, але неўзабаве быў накіраваны на новую праверку ў фільтрацыйны лагер і аказаўся ў штрафбаце, яму прыпомнілі палон ды іншыя эпізоды ваеннай біяграфіі. Там Андрыянаву пашанцавала выжыць, і пасля месяца баёў у складзе новага падраздзялення, 11 мая 1945 года быў накіраваны ў звычайную часць, з вайны вярнуўся ў лістападзе 1945 года.

«Жыццё дзёшава не аддадзім!»

Сын франтавіка, Уладзімір Андрыянаў, доктар эканамічных навук, прафесар, які доўгі час працаваў у апараце Урада Расійскай Федэрацыі, пазней дырэктарам Дэпартамента стратэгічнага аналізу і распрацовак дзяржкарпарацыі Знешэканомбанка, вельмі ўдзячны школе за беражлівае стаўленне да памяці пра 174-ы полк. Уладзімір Дмітрыевіч абяцаў прыехаць сёлета, каб пакланіцца праху аднапалчанаў бацькі і паглядзець на пліту, дзе значыцца імя роднага чалавека ў ліку загінулых у 44-м.

Пастаянна трымае сувязь з музеем Уладзімір Піскоў з Брэста. Тут знайшоў спачын яго сваяк, ураджэнец Тбілісі Філіп Садоўскі. Сёлета, упершыню за доўгія гады, з-за пандэміі не праводзілі вахту памяці да Дня Перамогі. Але Уладзімір Васільевіч з жонкай, дзецьмі, унукамі ўсё роўна прыехалі, каб пакланіцца магіле сваяка, пабыць у музеі. Яны прыязджаюць сюды кожны год, і на гэты раз прывезлі новыя здымкі іх франтавіка, новыя звесткі, якія ўдалося ўстанавіць за апошні час.

Бясцэнным экспанатам экспазіцыі з`яўляецца пісьмо з фронту Васіля Мацвеевіча Пахомава. Ён пісаў свой ліст да родных 12 ліпеня. Там ёсць радкі: «Заўтра ў нас бой. Як скончыцца, не ведаю. Але жыццё дзёшава не аддадзім». Ён вытрымаў шэсць цяжкіх контратак, а ў сёмай загінуў. У кішэні яго гімнасцёркі знайшлі здымак сям`і, па краях фотакартка была ў крыві.

Нашчадкі часта прыязджалі ў музей. Яшчэ тады, калі экспазіцыя знаходзілася ў Шылінскай школе. Яны дапамаглі сродкамі на мадэрнізацыю музея, яны і перадалі сюды дарагую сямейную рэліквію — пісьмо свайго дзядулі.

— Экспанаты ёсць розныя — паказвае Святлана Казадаева. — Напрыклад, пашпарт часоў акупацыі, выдадзены жыхарцы вёскі Вугляны. Дакумент з фотакарткай, захавалася прозвішча, імя уладальніцы. Орган, які выдаў паперу названы генеральным губернатарствам. А знайшлі яго на... сметніку. Іншыя рэчы знаходзілі ў полі, на месцы баёў. Тут і кубкі, зробленыя з гільзаў снарадаў, фрагменты зброі, абмундзіравання. «Мой муж вырас у Шыліне, — гаворыць Святлана Мікалаеўна. — У кожнага з хлопцаў яго пакалення былі прыхаваныя часткі ад аўтаматаў, штык-нажоў, іншыя рэчы. Пазней, калі выраслі, яны ўсё гэта прыносілі ў музей».

— Цяпер у рабоце мы выкарыстоўваем новыя тэхналогіі: у нас ёсць шмат відэаматэрыялаў, напрыклад, запіс рэканструкцыі бою, выкарыстоўваюцца QR-коды пры азнаямленні з экспазіцыяй, — гаворыць дырэктар школы Святлана Шумовіч. — Але галоўнае, — гэта жывыя нітачкі сувязі са сваякамі, перапіска, сустрэчы, якія напаўняюць зместам наш музей. Нашы вучні самі праводзяць экскурсіі, пішуць даследчыцкія работы пад кіраўніцтвам Святланы Мікалаеўны. Яны па-сапраўднаму цікавяцца гісторыяй. Мы праводзім таксама сустрэчы з выпускнікамі, воінамі-афганцамі, якія заўсёды атрымліваюцца кранальнымі, душэўнымі мерапрыемствамі. Усё гэта гадамі па крупінках засвойваецца вучнямі нават на ўзроўні падсвядомасці і становіцца тым падмуркам, які складае аснову патрыятычнага выхавання.

Кожны год на месцы пахавання байцоў 174-га палка праводзіцца вахта памяці. І кожны год адкрываюцца новыя імёны. Калі два гады таму гэтых імёнаў было 200, то цяпер 205. У музеі баявой славы названага палка пошук працягваецца.

Аўтар: Святлана Яскевiч
Звязда, 2 снежня 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/132/62016
Текущая дата: 19.11.2024