Белорусский портал в Казахстане

Беларускія пераклады Свяшчэннага Пісання прэзентавалі ў НББ



Круглы стол "Беларускія пераклады Бібліі", прымеркаваны да 95-годдзя выдання першай біблейскай кнігі на сучаснай беларускай мове, адбыўся 1-га снежня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

"На працягу двух тысячагоддзяў Біблія - знакавая, самая важная для еўрапейскай цывілізацыі кніга. Гэта не проста самае распаўсюджанае, тыражаванае выданне ў свеце - яно змяніла ход гісторыі ўсяго чалавецтва, у тым ліку і беларусаў. Кніжная традыцыя пачыналася ў нас са старажытных тэкстаў, Евангелля. З Бібліі пачалося беларускае кнігавыданне, і тут мы ўспамінаем у першую чаргу Францыска Скарыну і многіх яго паслядоўнікаў", - сказаў намеснік генеральнага дырэктара НББ Алесь Суша.

У час мерапрыемства прэзентавалі факсімільнае выданне першага перакладу біблейскай кнігі на сучасную беларускую мову - "Паводле Лукі Святое Евангелле", якое выйшла ў гэтым годзе ў выдавецтве НББ. "Біблія была адной з самых важных кніг для ініцыятараў беларускага друку ў пачатку ХХ стагоддзя. Гэта перыяд новага беларускага Адраджэння, які ў пэўнай ступені звязаны са зваротам зноў жа да Бібліі ў яе беларускім прачытанні. Сёння мы святкуем юбілей аднаго з першых перакладаў на беларускую мову біблейскай кнігі "Паводле Лукі Святое Евангелле", зробленага ў 1926 годзе вядомым грамадскім і рэлігійным дзеячам Лукашам Дзекуць-Малеем. Факсімільнае выданне выканана ў цвёрдым пераплёце, суправаджаецца ілюстрацыямі, каментарыямі, даследаваннямі па гэтай тэме", - расказаў Алесь Суша.

У гэтым годзе выйшаў пераклад на беларускую мову Евангелля, зробленага братам Якуба Коласа М. Міцкевічам. Апублікаванае выданне было таксама прадстаўлена на круглым стале. "Для шырокай аўдыторыі, на мой погляд, гэта апублікаванне будзе важным крокам у сэнсе папулярызацыі ведаў, адлюстраваных у Евангеллі, а таксама чарговым зваротам да біблейскага тэксту", - дадаў намеснік гендырэктара.

Акрамя таго, у ходзе сустрэчы адбылася цырымонія перадачы ў фонды Нацыянальнай бібліятэкі рукапісаў перакладу Бібліі ксяндза Уладзіслава Чарняўскага. "Выключна важны пераклад у кантэксце ўсіх перакладаў Бібліі на беларускую мову, які ствараўся з канца 60-х і ў 90-я гады мінулага стагоддзя дапрацоўваўся для публікацыі. Для каталіцтва ў наш час гэты пераклад адыгрывае важную ролю", - падкрэсліў Алесь Суша.

Арганізавана таксама выстаўка каштоўных дакументаў па гісторыі перакладаў Бібліі на беларускую мову. У мерапрыемстве прынялі ўдзел айчынныя мовазнаўцы, гісторыкі, выкладчыкі, перакладчыкі, багасловы і святары розных канфесій.

1 снежня 2021, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/132/62098
Текущая дата: 19.11.2024