Белорусский портал в Казахстане

Асноўныя крытэрыі ўдасканалення Канстытуцыі - мір, незалежнасць, дабрабыт людзей



Аб гэтым заявіў 19-лістапада намеснік дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Аляксандр Рахманаў.

Аляксандр Рахманаў нагадаў, што ў адпаведнасці з распараджэннем Прэзідэнта створана рабочая група па дапрацоўцы праекта Канстытуцыі.

"Ідзе сапраўды вялікая работа, якая праводзіцца кожны дзень. Літаральна з самай раніцы і да позняга вечара ў розных фарматах, на розных пляцоўках разглядаюцца палажэнні, якія могуць стаць магчымай рэдакцыяй змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю. Не толькі главамі, раздзеламі або артыкуламі нашай Канстытуцыі, але нормамі і літаральна нават асобнымі словамі, якія прапануецца ўвесці ў Канстытуцыю ў выглядзе дапаўненняў і змяненняў", - сказаў Аляксандр Рахманаў.

Намеснік дзяржсакратара Савета бяспекі дадаў: "Прэзідэнтам пастаўлена задача для рабочай групы, каб усе гэтыя прапановы, змяненні, дапаўненні аналізаваліся і ацэньваліся з пазіцыі адпаведнасці тром асноўным крытэрыям - мір, незалежнасць, дабрабыт людзей. Як бачыце, кожны з гэтых крытэрыяў неадрыўна звязаны з тэматыкай бяспекі".

Аляксандр Рахманаў сёння прымае ўдзел у міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Асноўныя напрамкі ўдасканалення сістэмы нацыянальнай бяспекі", якая праходзіць у Мінску.

Мерапрыемства праводзіцца Дзяржаўным сакратарыятам Савета бяспекі Беларусі, Следчым камітэтам і Інстытутам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Следчага камітэта. Канферэнцыя накіравана на прыцягненне экспертнай і навуковай супольнасці да работы па ўдасканаленні канцэптуальных асноў у сферы нацыянальнай бяспекі.

У мерапрыемстве для абмену вопытам у процідзеянні сучасным выклікам і пагрозам, удасканалення заканадаўства і мер дзяржаўнага рэагавання ў гэтай сферы прымаюць удзел прадстаўнікі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, Выканаўчага камітэта СНД, Генеральнай пракуратуры, Міністэрства ўнутраных спраў, Камітэта дзяржаўнай бяспекі, Следчага камітэта, навучальных устаноў і навуковай супольнасці Беларусі.

19 лістапада 2021, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/134/61614
Текущая дата: 19.11.2024