Белорусский портал в Казахстане

Камуністы Беларусі адзначылі 104-ю гадавіну Кастрычніка



У Мінску сябры Камуністычнай партыі Беларусі і патрыятычная грамадскасць правялі ўрачысты мітынг, прысвечаны 104-м угодкам Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі і ўсклалі кветкі да помніка У.І.Леніну на плошчы Незалежнасці.

Па словах першага сакратара ЦК КПБ Аляксей Сокала, гэтае свята — даніна павагі тым, хто адстойваў прынцыпы сацыяльнай справядлівасці і народаўладдзя, хто каваў Вялікую Перамогу, хто паднімаў краіну з руін і папялішчаў у пасляваенны перыяд, пакараў космас, будаваў унікальныя вытворчыя комплексы, забяспечваў дабрабыт працоўнага народа.

«За гады сацыялістычнага будаўніцтва ў нашай рэспубліцы быў закладзены моцны індустрыяльны, навукова-тэхнічны, культурны патэнцыял беларускай дзяржаўнасці, які і сёння з’яўляецца залогам яе суверэнітэту і працвітання. Пераняўшы ўсё лепшае з савецкай эпохі, наша краіна развіваецца і рухаецца наперад, забяспечваючы дастойнае жыццё нашых грамадзян. Прымнажаецца яе нацыянальны набытак, на новы сучасны ўзровень выходзяць прамысловасць і сельская гаспадарка, адукацыя, ахова здароўя, навука, культура і спорт. Усё гэта рэалізавана дзякуючы прадуманаму палітычнаму курсу, які праводзіцца Прэзідэнтам нашай краіны», — адзначыў першы сакратар ЦК КПБ.

Аляксей Сокал падкрэсліў, што сучасная Беларусь упэўнена ідзе ўласным шляхам развіцця. «Аднак пэўным сілам, як за мяжой, так і ўнутры краіны, не падабаецца наша самастойная знешняя і ўнутраная палітыка. Ва ўмовах, калі спроба дзяржаўнага перавароту пацярпела крах, калектыўны Захад перайшоў да стратэгіі эканамічнага ўдушэння. У гэтай сітуацыі наша галоўная задача — згуртавацца вакол нацыянальнага лідара і стаць маналітнай супольнасцю. Тыя ж, хто развязаў гэту гібрыдную вайну, павінны ведаць: на шляху подлага агрэсара народ Беларусі стане непарушнай крэпасцю», — дадаў ён.

Па выніках урачыстага мерапрыемства прынята рэзалюцыя. «Мы, удзельнікі ўрачыстага мітынгу, прысвечанага 104-й гадавіне Вялікага Кастрычніка, заяўляем аб сваёй падтрымцы сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага курсу, які праводзіцца Прэзідэнтам. Ва ўмовах правалу сцэнарыя дзяржаўнага перавароту калектыўны Захад перайшоў да тактыкі эканамічнага ўдушэння і санкцый, мэта якіх — дэмантаж беларускай сацыяльнай дзяржавы, — гаворыцца ў дакуменце. — Мы заклікаем усіх грамадзян Беларусі да згуртавання вакол народнага Прэзідэнта з мэтай захавання стабільнасці і абароны сацыяльных дасягненняў нашай рэспублікі. Мы выступаем за мір і грамадзянскую згоду ў грамадстве, за ўмацаванне суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны».

Удзельнікі мітынгу патрабуюць ад замежных дзяржаў спыніць умешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі і асуджаюць выкарыстанне любых санкцый, агрэсіўных і недружалюбных дзеянняў у адносінах да суверэнных дзяржаў як інструмента ў міжнароднай палітыцы.

Звязда, 7 лістапада 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/135/61327
Текущая дата: 19.11.2024